Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Сутрымайся хаця перад чужым чалавекам! — пераняла яна мужа.

— Прашу бяз ушчункаў… Самой трэба ведаць, што нянькі…

Гутарка брала прыкры напрамак. У ёй гучэла ўкосная дэмонстрацыя супроць Рыгора. Каб ахаладзіць вочавідкую растроенасьць Лазара і выбавіць Гэлю ад далейшых няпрыемнасьцяй, Рыгор перарваў іх супярэчкі заявай:

— Дазвольце пажадаць вам добрае ночы!

— Што так раптоўна? — з фальшывым далікацтвам запытаў Лазар.

— Я першы дзень у чужым месцы.

— Хаця-ж не заблудзі, Рыгор…

Адышоўшыся мо’ на двое сажняў, Рыгор быў пераняты воклічам Гэлі.

— Дык мы чакаем цябе заўтра ў нас… Перадай, калі ласка, Сролю, каб і ён зайшоў… Кланяйся яму і перапрасі ад мяне, што я забыла яго пазваць… Мы спыніліся ў Брэхмана — каля касьцёлу…

— Дзякую — добра…

Яго нягромка сказаныя словы заглушыла потайкам набліжаная амаль не да самага вуха брашчотка вартаўніка.


У «ГОТЭЛІ» БРЭХМАНА было як на рынку. Стаяў шолам, галас. Шасталі дзьверы, як на вакзале, з пакою ў пакой нясьціханна бегалі мужчыны, жанчыны. Адны з іх напявалі роззыя арыі з опэр, іншыя вывучалі ролі; хтосьці граў на дудзе, выцінаючы жаласьліва-мінорныя тоны; адзін з артыстаў, стоячы на калідоры, барабаніў вершы. Какафонія зыкаў густым струменем выбівалася з вокан «готэлю», разьлятаючыся па майдані.

Кучкі дзяцей грудзіліся пад вокнамі, найшоўшы сабе забаву і ўцеху перад дагэтуль ціхім «готэлем» Брэхмана.

Гаспадар готэлю, Міхель Брэхман, тупаючы па двары, задаволена пачэсваў бараду: госьці былі нязвычайныя, гарадзкія; яны давалі зарабіць. Па некалькі разоў на дзень заказвалі самавар. Патрабавалі піва, віна і закускі… Жонцы, і дачцэ, і служанцы Міхеля — работы па горла. І Міхель Брэхман, даўшы свой дом амаль ня ў поўную ўладу артыстам — ня дбаў больш ні пра што, як толькі пра тое, каб яны чым найдаўжэй у яго прастаялі.