Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мне ня верыцца, што трапіла на сцэну, што я пераехала мо’ з дзесяць розных мястэчак ды гарадкоў… Ня верыцца, што я іду вось з табою не па Сілцох, а па нейкім Смагіне…

— Ну, хто-ж усё-ткі табе парадзіў гэта, або прымусіў цябе пайсьці?

— Маўчы лепш, — перабіла Рыгорава запытаньне Гэля: — тут не знайсьці канцоў… Вінаваты бацькі — ты-ж іх добра ведаеш! Вінаваты мой муж, вінавата і сама… Болей сама… Дзявочая слабасьць нарабіла ўсё… Пятрусь паехаў і змоўк… Я начамі ня спала — думала і дратавалася… Чаму такі ён астаўся гэткім няўдзячным да мяне!.. І мэрам-бы на злосьць яму — бо іначай не зразумець маёй выпадковай парыўчатасьці — я зьвязалася з Вусікам… Прыехала ў Сілцы трупа і на спэктаклі, вось як з табою сёньня, стрэлася з ім… далей-болей — і бачыш. Артыстка-а! Ххі-хі-хі! Артыстка!.. Хоць-бы бацькі словам папярэчылі — абы збыць…

— Дык ты замужам, Гэля? Дазволь павіншаваць!..

Рыгор знайшоў у цемнаце Гэліну руку і намерыўся поціскам яе перадаць сваё таварыскае павіншаваньне.

Але яна раптам вырвала руку і зрабіла ёю адмоўны мах…

— Ня трэба! Ня варта віншаваць!

— У чым справа, — недаўменна запытаў Рыгор.

— Я ня ведаю, да чаго прывядзе маё замуства… Так… Мой чалавек… Хтосьці ідзе за намі?..

Яны сьцішылі хаду і замаўчалі.

Наганяўшы чалавек сыгнальна кашлянуў…

— Гэта ён, — прашаптала Гэля і конвульсыўна ўздрыганула.

Рыгор настаражыўся.

— Гэля! Ты-ж куды? — пачулася з боку іх.

Гэля стала і прытрымала Рыгора.

— Будзь знаёмым, Лазар, з маім земляком: Рыгор Нязвычны.

Мужчыны моўчкі, але ветліва паціснуліся рукамі.

— А я быў на кватэры і, не знайшоўшы цябе, думаў, што ты…

— Якая клапатлівасьць! Ххі-хі-хі! Бачыш, Рыгор…

— На дварэ, апоўнач — і ўсё на месцы, а ты…

У тоне Лазаравых слоў прагучэў калючы ўпік, так дасканала вывучаны Гэляю.