Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён расхвальваў гасьцей суседзям, і хто зазіраў у вокны «готэлю», пераймаў гутаркаю:

— Што-о за людзі-ы!.. Такіх я на вяку сваім ня бачыў… Ды ня толькі я, а наш Смагін, наогул…

Яшчэ гасьціньней сустракаў Міхель таго, хто заходзіў наведаць артыстаў.

Рыгора са Сролем Брэхман сустрэў гасьцінным прывітаньнем і дагадліва запытаў:

— Вы пэўна да нас?

Пачуўшы, што да «іх» — вярнуўся і правёў у самы «готэль».

— Вас ужо з ранку чакаюць… — папярэдзіў ён: — вы стукайце і яны вас пусьцяць.

Гэля з мужам з самае раніцы прыбраліся да стрэчы гасьцей і гутарка іх з Міхелем вывела абоіх з пакою.

— А мы ўжо думалі, што вы ня прыдзеце… У нас гэткі вэрлах! Выбачайце — цыганскае жыцьцё…

— Грэх, было-б выбачаць перад намі… Кіньце…

— Ну, вы-ж такія госьці, што хто-б мог думаць вас прымаць у гэткіх умовах…

— Трапляецца…

— Ой, не кажы, Рыгор…

Гэля аберуч хапілася за голаў.

— Кінь! Ты ўсё яшчэ, я бачу, ня можаш прывыкнуць да абставін нашага жыцьця!.. — папракнуў яе Лазар, увіхаючыся каля накрытага стала. — Бацькаў запечак ня досыць намуляў бакі…

Усе засьмяяліся на Лазараў сказ…

— Давайце, сябры, разам… Гэля, запрашай гасьцей…

— Калі ласка, Рыгор, Сроль, займеце месцы… Выбачайце ўжо… Няхай наша спатканьне скрасіць недахопы нашага пачастунку…

— Кінь, Гэля… Гэта ня ў Сілцох…

— І хто-б то мог спадзявацца… Я ўжо казала Рыгору… Ці ня праўда, Сроль?

— Чалавек з чалавекам — не гара з гарою, — адказаў Сроль.

Лазар падняў налітую чарку і агаласіў:

— За нечаканую стрэчу?!

Але ніхто не пасьпеў адказаць, як раптам адчыніліся дзьверы і ў пакой прасунуўся загіб бляда-ружовага, груба нагрыміраванага носу:

— Можна?