Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/339

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Цягнік затрымоўваецца на сорак хвілін, — паведаміў іх кондуктар: — не сьпяшайцеся.

Падзяліўшыся на пары, салдаты асобна, а Рыгор з Паўлам асобна, яны згубіліся адны ад другіх у сумятні пасажырска-пэроннага натоўпу.

— Сымпатычныя людзі твае латышы! — адазваўся Павал.

— Так, я знаходзіў у іх блізкіх сябраў. Бывала ў астрозе…

— На хвілінку! — перанялі Рыгора на паўсказе.

Яны абярнуліся і ўгледзелі тых, пра каго гаварылі.

— Мы сустрэлі Караля, памятаеце?

Рыгор задумаўся.

— Якога гэта?

— А вартаўнік пры заводзе ў Рызе!

—-- Няўжо?

— Стары жабруе па падвоканьні вагонаў…

— Караль! Дзе-ж ён?

Яны павярнулі назад і адразу наткнуліся на згорбленага, бяз шапкі, у моцна паношаным паўхалатку чалавека. У аднэй руцэ ён трымаў тоўстую сукаватую крывулю, у другой працягаў наперад нешта дапамінаўшае капялюш. Стары нясьмела падняў заўпалыя ў глыбіню орбітаў вочы і нявыразна паглядзеў на абступіўшых яго чатырох маладых чалавек.

— Дзядзька Караль? — запытаў Рыгор.

— Га? Ён, нябожа… Адкуль-жа, сыне, мяне знаеш? — тым-жа, добра знаёмым Рыгору голасам, поўным раптоўнае надзеі і чаканьняў, адказаў жабрак.

— Рыгора Нязвычнага памятаеце?

— Рыгора Нязвычнага? Цяжка, сыне.

Стары хвілінку памаўчаў, крыху адхіліўшы галаву ў бок, мэрам-бы шукаючы каго, пасьля пэўней адказаў:

— Прыпамінаю крыху. Так, нябожа… Во-а, ці-ж няпраўду я казаў табе?.. Здаецца, табе я казаў, што маё жыцьцё… Бачыш… Ужо месяц, як у дарозе — бежанец… Дзесяткі год служыў на заводзе, сьцярог чужое дабро, вартавым сабакам дняваў і начаваў пад варотамі, а за ўсё — торба-а…

Каля іх сышлася грамадка цікавых.

Павал заўважыў, як некалькі разоў з розных бакоў пралазіла да іх мопсавая галава здаравеннага жандара.