Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/340

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На тэму пра старога расьцягнулася рэзвая, рознамотыўная гутарка. І стары Караль, ужо бачыўшы ня гэткія зборы людзей, зацікаўлены можа апошняю супольнаю ўвагаю да сябе, крыўдліва, з роспаччу ў голасе казаў:

— Сабакам трымалі і як сабаку выгналі… Гэта завецца людзкімі адносінамі… Няхай-бы ў каго-кольвечы знайшлося каліва спагады, няхай-бы адзін з мільёнаў адкапаў праўду і сьмела паказаў яе бяздушным і самаздаволеным — во, стары варты таго, каб за яго працу дагледзець рэшткі жыцьця… Дык не… Машыны — сырызна для апрацоўкі, вугаль і розная гніль — у вагон — а чалавек — на палцы… Памерці ніхто нікому не шкадуе. Калі-ж да мяне — не патрэбна гэтага — я сам сабою жыў і самотна памру, толькі павінны прызнаць, што я жыў. Я меў права жыць, бо быў народжаны бацькамі — вось ў гэтым, дзеткі, людзкая да мяне неспагада… Ад Рыгі да «Дна» — месяц хады. Дажджом, гразёю, лесам і на ветры… Бежанец… Чаму і пашто — ласьне разьбярэшся? Быў завод — яго зьнялі з месца, разабралі на часткі і дзесьці дзелі. Былі яго гаспадары — і тых няма… А завод даваў грошы, расьціў капіталы, багаціў людзей — няўжо на тое, каб мне жабраваць?..

У Каралевай развазе, і вострай і халоднай, паступова расталі рознастайныя рэплікі аколіўшых яго. Многія сур’ёзна слухалі старога-жабрака.

Калі першы званок перабіў яго нямудрую, але моцную гутарку, дзесятак пальцаў ціснулі прыгатаваныя яму ахвяры. Хутка круглыя монеты паляцелі ў тое, што раней звалася капялюшом, і Каралёва галава чуць прыметна вітала іх дзвэнгі.

Рыгор з таварышамі зрабілі тое, што іншыя. Але гэтага было мала. Каралевы словы асабліва чула ўспрымаліся Рыгорам. Ён адзнаваў, што стары накіроўваў сваю гутарку, як і раней, праз яго да ўсіх. Рыгор ведаў, што Караль бачыў у ім чалавека, які знарочыста зьяўляўся перад старым у моманты, калі нацярпеўшае сэрца шукала шчырага спачуваньня.

— Старога ня можна пакідаць адным! — уверана сказаў ён да таварышоў.

Павал бяспомачна пацяў плячыма. А салдаты добрадушчна ўсьміхнуліся.

— А што яму пасобіш, апроч няшчаснага медзяка? — выказаўся Ромусь.