Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/338

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Новыя Сакольнікі?

— Яшчэ толькі «Дно»… — адказаў прашмыгнуўшы да дзьвярэй кондуктар. — Дваццаць хвілін стаянкі! — дадаў ён з выйсьця.

Пасажыры рушылі з вагону.

Рыгор ды Павал разам з усімі.

Двое салдат асталіся пільнаваць месца.


II

У НАБІТАЙ ВАЙСКОЎЦАМІ і рэдкімі цывільнымі залі другое клясы пахла сьвежаю капустаю, печаным мясам і людзкім выдыханьнем. Рыгор з Паўлам ды з знаёмымі салдатамі рашуча праціснуліся да буфэту, заказалі абеды і вярнуліся да толькі што апарожненага стала.

Нёсшы камусьці чатыры талеркі гарачае супы рыжы, запацелы і раззлаваны кельнэр супыніўся каля іх. І ці па згаворы, ці таксама выпадкова, яго колега зараз-жа прынёс другое. Гэткім чынам абед улажыўся ў дванаццаць хвілін і яшчэ хвілін каля дзесяці аставалася ў загоне.

Рыгор першым вылез з-за столу і накіраваў на пэрон. Павал з салдатамі не адставалі.

І толькі яны выйшлі з залі на калідор, як іх перапыніла грамада людзей. Наперадзе яе, хапіўшы за руку, здаравенны станцыённы жандар вёў нейкага мужчыну. Апошні сьмела і рашуча нападаў у словах на жандара, заўзята махаў вольнаю рукою і не намерваўся адыходзіць ад прадстаўніка ўлады. Сьледам за ім, раздражнена лаючы чыгуначныя парадкі, ішлі іншыя, наколькі відаць было, таксама пасажыры.

— У чым справа? — пацікавіўся Ромусь.

— Жандар павёў складаць протоколі, — адказаў задні з грамадкі.

— За вошта?

— А ласьне разьбярэшся?

Яны болей не распытвалі, каб не займаць праходу, і выйшлі на пэрон.

Гадзіньнік паказваў блізкі адыход цягніка. Публіка рупліва бегла ў вагоны, але кожны падбягаўшы да дзьвярэй супыняўся. Некаторыя спакойліва адыходзілі назад.