Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/335

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Перш туманна, а хутка ўсё выразьней і выразьней, як з-пад пэндзля мастака, паўставалі знаёмыя рысы двух твараў. Дзе ён іх бачыў? Рыгор перагнуўся да Паўла і паведаміў пра сваё сумненьне наконт дваіх суседзяў.

Павал неўзначай паглядзеў у іх бок і адказаў, што яны сачаць за Рыгорам і, напэўна, пра яго размаўляюць.

«Запытаю на кожны выпадак», намякнуў сабе Рыгор і разьняў губы, каб выказаць сам сабою складзены сказ. У гэты момант, мэрам-бы адчуваючы Рыгорава хаценьне, адзін з салдат пераняў яго запытаньнем:

— Вы далёка?

— На Менск, — адказаў Рыгор: — А вы?

— У сваю часьць.

— А дзе яна стаіць?

— У Гомелі.

— Значыць у наш бок?

— Але.

Салдат мэрам-бы ня меў чаго далей казаць і крыху памаўчаў. Пасьля зусім інакшым голасам вымавіў:

— Мне, чамусьці, здаецца, што я…

— Вось і мне таксама, — ня даўшы яму дасказаць, падхапіў Рыгор.

Салдат зразумеў яго і сьмялей дадаў.

— Бачыліся?

— Ці ня былі вы ў Рызе, часамі? — падаў другі.

— Ага-а? Салдацкая форма мяняе чалавека. Ці мо’ гэта памяць згладжвае…

— Жоўты будынак, памятаеце?

— Во-а! Цяпер ужо…

Рыгор прыўстаў і рашуча працягнуў салдатам руку. Тыя весела расьсьмяяліся.

— Гэта нашы таварышы, пазнайцеся, — паказаў на сваіх таварышоў першы.

Рыгор прывітаўся і з тымі.

— І трэба-ж так неспадзявана…

Ён не даказаў, задумаўшыся над імёнамі знаёмых.

— Даруйце-э, час канчаткова сьцёр у маёй памяці вашы… імёны…