Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/334

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ужо на трэці дзесятак вёрст, а ў яго вушшу ня сьціхае гармонь бурлівага гарадзкога жыцьця. Стук калёс, шыпеньне паравозу і монотонны звон ваконнага шклу — ці ня тыя, бач, гукі, якімі жыве Пецярбург? Не, яго стыхія ўелася ў Рыгораву істоту, як уядаецца ў цела татуіроўка. Ён ёю прасякся да канцоў пазногцяў.

— Царскае?

У вагоне стала цямней: вакзальны навес затуліў сонечнае праменьне. З шэрай ценьню прашылася да пасажыраў нявыразнае пачуцьцё настарожанасьці. Бач там, вунь, за няпрыветным вакзалам разьляглася рэзыдэнцыя расійскага самадура-сатрапа. Абкружаны шчэцьцю гвардзейскіх шабель і казачых пік, затулены ад сьвету жалезнымі платамі паркаў і няздрэмнымі вачыма тысачаў шпегаў — ён мудруе над складанымі спосабамі працягненьня свайго крывавага панаваньня.

Конвульсыўны ўздрыг адвярнуў Рыгора ад вакзальнага пэрону, на якім тапталіся каля дзесятку падазроных асоб. Рушыўшы цягнік хутка завярнуў за высокія ліпы парку, які адгарадзіў чыгункі ад Царскага Сяла.

Усеўшыся першым між шасьцю пасажыраў, Павал пазваў гэта зрабіць і Рыгору.

— Нагледзеўся?

— Досыць!

— Хопіць часу на гэта.

— Ды я не сумняваюся.

У бок Рыгора паглядзелі Паўлавы суседзі. Яны правялі яго ўзрокамі на месца і, калі ён сеў, перашапнуліся.

Рыгор адчуў маленькую ўтому ад гадзіннага стаяньня пры акне і сядзець было прыемна. Не хацелася нічога казаць, каб даць магчымасьць уявіць сапраўднасьць акольваючага яго.

Ён моўчкі прасядзеў, гледзячы на зялёны Паўлаў мундзір, пакуль цягнік параўняўся з Паўлаўскам.

Пасьля, як па програме, павярнуў узрокі да купкі пасажыраў, што сядзелі ў іх аддзяленьні вагону. І цікава — перад ім было чатыры салдаты і двое цывільных. Апошнія, занятыя якойсьцю расьцяжнаю гутаркаю, не адгіналіся адзін ад другога. Салдаты, як Рыгор прыслухаўся, гутарылі на не зразумелай яму мове. Але самы акцэнт мовы быў яму знаёмы. Ці то проста чуты дзесьці ім голас. Адно з дваіх — Рыгор прыгледзеўся.