Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/333

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ДРУГАЯ



I

ПАСКАРАЮЧЫ ХАДУ, цягнік пакідаў за сабою ломаныя і няроўныя пуці, цесна здаўленыя процьмаю вагонаў, стрэлкамі, вакзальнымі будынкамі. Стукатня перабегу праз сточкі рэльс і стрэлкі раставала разам з гарадзкім шумам.

Хутка сіні дымок скрадаў яркія абрысы многапавярховых гмахаў і башты вадакачак пакінутай сталіцы. Але направа і налева ад бягучага цягніка, мэрам-бы знарок, працягаліся будынкі заводаў і рабочых дамоў — гарадзкіх застаў. Яны доўгі час не адставалі ад цягніка, а беглі за ім, меручыся яго абняць дзе-кольвечы за шырокай перадгародняй раўнінаю.

Чорнымі высокімі ценямі высіліся ўгору многалікія коміны фабрык і заводаў. Густыя хмары дыму віселі над будынкамі пасёлкаў, над топкімі паплавамі — хаваючы адгон небасхілу.

Ужо ў правым вакне, крыху наперадзе забялелі будынкі царскіх палацаў, аколеных густою шатою парку, а зьлева ўсё яшчэ цягнуўся горад. Асобныя яго будынкі, з тымі-ж стромкімі комінамі ўразаліся ў цёмна-шэрыя сьцены лесу.

Рыгор з Паўлам уважліва разглядалі мігаючыя ў ваччу вобразы. Маладая рунь паплавоў і рэдкіх дрэўцаў, заблуджаныя хутаркі пасёлкаўцаў, роўныя, неаглядныя канавы і дарогі адцягалі іх думкі да сябе. Нячувана, але ўведана, разрываліся ў Рыгоравым нутру крэпкія ніткі сувязі з пакінутымі ўзадзе і яшчэ зусім сьвежымі гарадзкімі абставінамі. Хоць ён ня раз і ня два праносіўся думкамі сюдою, дзе мчыцца цягнік, усё-ж не чакаў сам, што яго думкі так хутка пацягнуць за сабою яго самога.

Пецярбург моцна трымаў Рыгора ў сваіх каменных абоймах і Рыгор самаахвоць паддаваўся на зрастаньне з ім. Нават раніцою гэтага дня, перад тым, як падблізіцца да вакзалу, яму ня верылася, што ён сапраўды здымаецца з каменнага посьцілу смуглых і шумлівых сталічных вуліц.