Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/329

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор намерыўся ісьці далей, ды яго прыпыніў чыйсьці окліч. Ён азірнуўся і ўгледзеў кароценькага чалавека з бежанскага комітэту.

— Выбачайце, я па адным пытаньні да вас, — вітаючыся, праказаў ён да Рыгора. — Вы сьпяшаецеся недзе?

— Так, я зараз еду на вакзал, а там…

— Далёка?

— У Менск! Па справах!

— На працу?

— Так…

— Цікава, вельмі цікава, гм… Толькі, бачыце, час такі, што там зусім небясьпечна…

— Давайце едам! — перабіў рамізьнік, зьвяртаючыся да Рыгора.

— Сядайце, калі па дарозе, — запрапанаваў Рыгор кароценькаму чалавеку.

— Як вам сказаць… я та ня ў той бок, толькі… рад вас правясьці да Каменаастроўскага…

Яны ўселіся і рамізьнік з окрыкам замахаў над абабітаю, прывычнаю да пугі, канякаю.

— Цікава… Мне так хочацца туды, так цягне, што, здаецца, кінуў-бы ўсё і хоць на гадзіну-другую… Віленшчына, узгоркі, малады лясок, зьмяістыя ручайкі па мурожных паплавох. Толькі — нельга. Вайна. Ты туды — а тысяча адтуль. Бяда, бачыце, страшылішча… Яшчэ немаведама, як будзе праз лета. Магчыма — зруйнуюць край дашчэнту. Вайна ўсё далей заблутваецца…

Рыгор няўважліва слухаў суседа і раз-по-разу адцягаўся вачыма на мігаўшыя побач гароды, масты, будынкі заводаў.

Вось знаёмы паркан, вароты, ды сумны, цёмна-чырвоны фон такарных і сьлясарных майстэрань, у якіх ён працаваў больш году. Нядзеля — і за парканам ціха. Між жалезнае брамы таўчэцца стораж, а наводдаль гарадавік. Перакідаюцца словамі, жартуюць.

— Бывай!

Маланкаю праносяцца важнейшыя, больш выразныя моманты, зьвязаныя з працаю на заводзе. Памер майстэрні, цёмныя запыленыя вокны. Трансмісіі, раменьні, станкі. Скрыпучы і бразгучы кран за біламі, над сярэдзінай будынку, не падзеленаю на паверхі. Дзесяткі знаёмых твараў. Позы пры рабоце. Майстар і