Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/328

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гм…

Яна моўчкі пастаяла яшчэ хвілін з пяць і з апушчанаю галавою павярнула з дзьвярэй.

Рыгор зачыніў дзьверы, абавёў узрокам свой пакой і рашуча сам-сабе праказаў:

— У нядзелю а дзесятай!


X

— ПІШЭЦЕ, Рыгор Міхасевіч, пішэце, прашу вас, — стоячы ў адчыненым акне, прасіла Рыгора яго гаспадыня.

Ён яшчэ раз зьняў ёй капялюш і з куфэркам у руцэ, а пакункам у другой, павярнуў у браму.

Сарафіна Хлёраўна махала белаю хусьцінкаю і не аднімала ваччу пакуль Рыгор выйшаў на вуліцу і схаваўся за брамаю.

Ціхая шырокая вуліца выглядала сьвятошна. На ўсьцяж яе можна было бачыць лічаных пешаходаў. Дзесьці ўправа ад дачы Сарафіны Скрынкінай чулася фортэп’янная музыка.

Яскравай сонечнай раніцай, пад распуканымі дрэвамі саду і палісадніку, мілагучныя зыкі якоесьці незнаёмае арыі навявалі асалоду і казыталі Рыгорава нутро. Ці не працяг гэта тае музыкі, якая вітала год таму назад яго прыезд у Пецярбург? Калі-б яна мела здатнасьць уплывовасьці на людзкі лёс — то было-б добрая адзнака. Рыгор не паскардзіцца на пражыты ў Пецярбурзе час. Яго жыцьцё дапамінала музыку, але не перабояў і вібрацый струн, а кіпеньня пачуцьцяў ды натхненьня, як водгуку законаў рабочага змаганьня за шчасьлівае, адпаведнае працоўніку існаваньне. Гэта музыка яго жыцьця і зараз не астыла, ня здала свае напружнасьці, а толькі мяняе варыацыю.

— Рамізьнік!

Заглядзеўшыся на каняку, якая нядбайна вывозіла яго з ператочнае вуліцы, лахматы чалавек на каламажцы рупліва затузаў лейцамі. Каняка заварушылася, натужылася і пабегла да Рыгора.

— На Царскасельскі вакзал!

— Паўтара рубля.

— Рубель?

— Што вы, гэткая далячынь. Падбаўце-э.

— Яшчэ дваццаць капеек?