Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/326

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Павал купіў газэту, і яны ўдваіх запоем прачыталі выдзеленае буйнымі літарамі паведамленьне пра далучэньне Італіі да вайны.

— Яшчэ не лягчэй, — уголас незадаволена выказаўся Павал.

— Што вы сказалі? — прагудзела ў іх над вушмі.

То запытаў незаўзажна падышоўшы да іх здаравенны, з доўгімі жоўтымі бакенбардамі і брытай барадою, шырокатвары і плюскатаносы палкоўнік.

— А вам якое дзела да таго? — задзёрыста адазваўся Рыгор.

— Тэўтонскія агенты! — яшчэ вышэйшай нотай вылаяўся палкоўнік.

— Мясаедаў…

Хлынуўшая на іх чарада людзей адціснула палкоўніка болей сажню ўправа. Рыгор з Паўлам павярнулі ў бок Неўскага, напрамкам за разрэдзеным хвастом маніфэстантаў.

На Неўскім наглядаўся той-жа падвышаны настрой. Весткі з Італіі скланяліся на ўсе лады, служачы тэмаю для агульных гутарак. Па тэй непамерна разьдзьмутай радасьці, якая ахапіла задзёрыстую патрыётычна-гардлівую буржуазію і ваеншчыну, можна было судзіць, якое глыбокае нявер’е ды безнадзейнасьць справодзілі зацягнутую вайну.

— Няхай цяпер папатужыцца Вільгэльм! — разьліваючы па тлустым чырвоным твары сытую ўхмылку, цешыўся якісьці таўсьцяк, зазіраючы Паўлу ў вочы.

— Так, ёсьць чаго тужыцца, — адказаў Павал.

— А вось калі Амэрыка жахне — тады…

Яны абагналі няпрошанага размоўніка і перайшлі на другі бок проспэкту.

Непадалёку ад іх віднелася спынка трамваю. Павал раптам хапіўся за галаву.

— Ага! Я зусім забыў, што яшчэ мне трэба зайсьці ў адно месца па даручэньні дзелавода. Ты пачакаеш?

Рыгор спыніўся.

— Я думаю адпраўляцца на кватэру. Трэба перамовіцца з гаспадыняю. Для яе будзе зьнянацкім мой ад’езд…

Павал пачакаў, пакуль Рыгор сеў на трамвай і сам пайшоў напрамкам да вуліцы Жукоўскага.

Ён ужо падыходзіў да месца, як успомніў, што забыў парадзіць Рыгору купіць высокія рускія боты. Але, завярнуўшы