Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/324

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

—Трэба абмінуць надыходзячую мобілізацыю.

Калі на сёмы дзень безрабоцьця Анікей пахваліўся, што ў яго клюе ўладзіцца на другі завод — Рыгор яшчэ ня меў пэўнага рашэньня наконт Паўлавай пропозыцыі. Магчыма, што яе наяўнасьць, падмацованая Пятрусёвымі словамі пры апошнім спатканьні, закалыхвалі яго цікавасьць да складзенага становішча. Тым ня меней, Рыгор патураў дбайліваму стараньню Анікея знайсьці хутчэй працу. Ён быў задаволены, калі пэрспэктыва гэтага стала праясьняцца.

— Націскай.

— Націсьнеш, калі цябе ціснуць…

Хутка Анікей паведаміў Рыгора пра выпадак арышту трох разьлічаных, як вайсковаабавязаных. Гэта здарэньне сьведчыла пра шмат сур’ёзьнейшае, чымся было да гэтага. Ускладненае палажэньне заставіла Анікея перамяніць кватэру, а Рыгора — рашуча і безадмоўна прыняць пропозыцыю Паўла.

— Я пакідаю, браце Анікей, Пецярбург.

— Нават?

— Так, рашыў на нейкі час паступіць на службу ў дарожны атрад.

— Якім чынам?

— Здарылася. Памятаеш чыноўніка, з якім я цябе знаёміў — яго рэкомэндацыя.

— Дуй. Чаго табе шкадаваць і каго пакідаць?

— Шкадую Пецярбургу.

— Ха-ха-ха! Камяні? Дому папярэдняга заключэньня?

— Шкадую адрывацца ад рабочых гушчаў, якія з дня-на-дзень пачынаюць разгортваць новыя страніцы гісторыі.

— Іх знойдзеш усюды…

— Ведаю, але Пецярбург — асяродак, месца, з якога забурліць кіпучы гейзэр.

— Магчыма. Няхай-жа пырсткі яго разьлятаюцца далёка навакола…

Пасьля гэтай гутаркі з Анікеем, Рыгор пайшоў да Паўла Памыйкі. Той растрывожаным вяртаўся да сябе, калі яго Рыгор нагнаў у кальдоры готэлю.

— Еду, Павал, з табою.

— Надумаў? — няўверана запытаў той.