Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/323

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гадзіне, піў гарбату і выходзіў у горад. Часамі першы прыходзіў да яго Анікей, тады яны разам распляноўвалі дзень і яго програму выпаўнялі па магчымасьці поўнасьцю. У гэтай програме асноўным пунктам было спатканьне са знаёмымі, вызнаваньне апошніх навін з рабочага жыцьця, з жыцьця грамадзкіх устаноў. Некалькі разоў яны адведвалі раённы камітэт партыйнае організацыі, з якім увесь час яны падтрымлівалі кантакт, бывалі ў культурна-асьветных установах, у будынку графіні Панінай, наведвалі перасоўны тэатр Гайдэбурава.

Весткі пра стан рабочага рынку таілі ў сабе ня дрэнныя пэрспэктывы і гэта тупіла абвостранасьць іх палажэньня. Праўда, ужо на чацьверты дзень пасьля іх разьліку ў горадзе пайшлі ўпартыя чуткі наконт мобілізацыі ратнікаў апалчэньня другога разраду. І Рыгор і Анікей кожны падлягалі хоць і не ў адзія час, пад гэту мобілізацыю. Анікеевы гады, магчыма, супалі-б ня з першым прызывам, але ўсё залежала ад ліку мобілізаваных гадоў. Гэтае пытаньне ўставала і перад Рыгорам, ня гледзячы на тое, што ён ужо доўгі час жыў не па сваіх дакумантах. Абудвым зусім ня ўсьміхалася магчымасьць ачуцца ў шэрагах арміі і нясьці сябе на забой нямаведама за што і за каго.

Погляды на мэты і сэнс вайны ў іх абоіх былі аднакава рашуча адмоўнымі. Ня толькі абаронен Міхась Камар, а нават і ня зусім сьвядомы «паражэнец» Якаў Гіс, ужо пацярпеўшы, падпадалі са сваімі поглядамі на бягучы момант пад вострую крытыку Рыгора.

З каразьлівай настарожанасьцю лавілі абое пакуль рэдкія весткі пра нездаволеньне вайною сярод салдат і нават сярод буржуазна-грамадзкіх колаў насельніцтва. Чуткі пра дэзэртырства з фронту яны разглядалі, як асаблівую форму актыўнага протэсту супроць вайны. Самы факт іхняе працы па загатоўцы знарадаў служыў ім папрокам у спрыяньні вайне.

Але тут ужо справа датыркала другога — барацьбы за існаваньне. Як-ні-як, а побач з гэтай барацьбою можна было вясьці разбураючую працу на фронтах. Болей таго, позыцыі, якімі былі заводы, захоўвалі сабою сілу, гатоўнасьць і базу для перавярненьня вайны імпэрыялістычнай у вайну грамадзянскую. Куды-ж, чаму і навошта здаваць гэтыя позыцыі?

Анікей пры абгаворы гэтага вяртаўся часамі да свае сям’і, радзей успамінаў Рыгор мацеру.