Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/314

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ключ у руках Камара, прасунуты ў дзьверы, на нейкі час перапыніў іх задзёрыстую, ужо паўварожую гутарку.

— А мне здаецца…

Камар не дасказаў.

Пераняўшы іх пры кухні, Камарыха растрывожана паведаміла:

— Гэта-ж заарыштавалі Якава Гіса! Толечкі што прыбягаў да цябе, Міхась, якісьці хлапчук і прасіў перадаць…

І Камар, і тым болей Рыгор, чула настаражыліся і задумаліся.

Камарыха таксама моўчкі стаяла на адным месцы, пільна паглядаючы на мужчын.

— Хаця-б, крый чаго… — памкнулася яна выказаць якуюсьці думку, але Камар махам рукі яе пераняў.

— Не спадзяваўся-а… Няўжо і ён баставаў? — зьдзіўлена запытаў Камар ні то ў жонкі, ні то сам у сябе, сьледам утароплена паглядзеўшы Рыгору ў твар.

— І я не спадзяваўся… хоць апошнімі часамі Якаў…

Усе ўтраіх ізноў змоўклі, не давяраючы крокам, якія пачуліся па ўсходах.

Спусьціўшы нейкі час Камар праказаў:

— А Якава шкада… Несьцярожліва, пэўна… Ну, што-ж. Гатуй, жонка, гарбату… хочацца есьці… Праходзь, Рыгор, у пакой… Вось «Біржоўка»…

Міхась прапусьціў Рыгора ў адчыненыя дзьверы пакою, а сам кудысьці зьнік.

Рыгор прысеў каля засланага машастоваю скацярткаю стала і разгарнуў газэту.

На першай старонцы, у правым куту зьверху, чорнымі літарамі адзначаліся важнейшыя навіны дня: «Вайна з Турцыяй». «Італьянскія «комбінацыі». «У Англіі»… пад кожным з гэтых агульных загалоўкаў, выдзеленых буйнымі літарамі, ішлі паведамленьні пра згінушых людзей і турэцкіх канонерскіх лодках, пра адстаўку міністэрства Саландры і маніфэстацыі італьянскіх патрыотаў, пра выключэньне ангельскіх кавалераў ордэну «Падвязкі». Асобным радком, мала заўважана, вызначалася: «Вайна і 1-га мая».

Біржоўка гучней зашалясьцела ў руках Рыгора. Ён з цікавасьцю пачаў выглядаць у тэксьце навін пра Першае мая. Яны