Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/315

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

былі зьмешчаны на чацьвертай старонцы, заняўшы амаль ня цэлы слупок набору. Рыгор прагна ўперыўся вачыма ў дробныя шэрыя літары зьместу і хутка прачытаў іх з пачатку да канца.

Біржоўка паведамляла, што Першае мая ў Пецярбурзе сьвяткавала да двух тысяч чалавек рабочых. Баставалі заводы на Пецярбурскай старане, у Новай і Старой Дзярэўнях, за Неўскай заставай і на Выбарскай старане. Лік баставаўшых на Выбарскай старане газэта вызначала ў 150 чал., аднак белыя прагалы ў зацемцы наводзілі на падозранасьць і застаўлялі думаць, што за бастоўка мела куды большы размах, ніж то паведамляе «Біржоўка». Прынамсі пра Выбарскую старану газэта нагла хлусіла. Характарным момантам у заметцы было апісаньне тых мер, якія выпрацавала поліцыя для змаганьня з магчымымі выступленьнямі рабочых. Дзеля гэтага горад быў падзелены на шэсьць поліцмайстарскіх раёнаў, была ў вялікай колькасьці мобілізавана поліцыя, прыгатаваны вайсковыя часткі… Поліцмайстры знаходзіліся ў сваіх раёнах і пра ўсе заводы даносілі граданачальніку…

Гэткім чынам рабочы Пецярбург сьмела адзначыў міжнароднае сьвята працоўных.

Іначай было за рубяжом, дзе згодніцкая соцыял-дэмократыя ў сваіх пастановах заклікала рабочых адмовіцца ад сьвяткаваньня Першага мая.

Рыгор палажыў газэту на стол, і гарды і задаволены адважным выяўленьнем рабочага протэсту, волі і імкненьняў да змаганьня, упэўнена падышоў да акна.

«Памятайце ўсе тыя, хто думае, што на крыві салдат і на працы рабочых навекі замацована ваша панаваньня! Дарэмная самаўцеха! У любую хвіліну завіхрыцца нездаваленьне і гнеў працоўных змые вашы фортэцы і зруйнуе вашу марную сілу і дабрабыт»!

Увераны ківок крэпка сашчэпленага кулака пагрозна зарухаў над шыбамі акна.

— Ты гэта супроць каго? — заўвакыўшы гэта пасьмяяўся Міхась.

— Супроць тых, каму трэба памятаць пра рабочую помсту.

Камарыха спынілася пры стале і перабіла гутарку.

— Закусеце, — абярнулася яна да Рыгора.