Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/312

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ці ня гэты? — падумаў ён.

І як-бы хто прачытаў яго думкі — раптам перад носам адчыніліся дзьверы і з кватэры выйшла кабета.

— Убачайце-э…

— Так?

Яна абярнулася да Рыгора.

— Здаецца ў гэтай кватэры…

— Ах, памятаю; вашае зямлячкі ўжо няма. Яна… Хіба-ж вам невядома, што яна з мужам выехала да Дзьвінску?

— Ганна?

— Так-так, я вас памятаю, як вы…

Кабета зачыніла дзьверы і праверыла ці заперты.

— Успамінала вас… І на вясельлі і ад’яжджаючы…

Яна пайшла ўніз, а Рыгор сьледам.

— Добрага чалавека знайшла — мы ўжо казалі… Пра вас думала… Цяперака такі час, што кожны момант — новыя думкі… Каб-жа адны думкі! Пляны, намеры, жьцьцё… Вось ужо пайшлі гутаркі пра мобілізацыю другога разраду… Бяда, што мне прыдзецца рабіць тады з дзяцьмі! Мужа… Ці ня былі-б ласкавы, можа-б дзе-кольвечы мелася месца ў такім заводзе, што…

— А Ганна вам адрасу не пакінула, часамі?

— Або-ж прыпомніш дзе ён, калі і пакінула. Добрыя былі пасуседзі, ды колькі ўжо я іх перамяніла! Іншыя, часамі, напішуць ліст, успомняць, а то… У кожнага свае інтарэсы…

На вуліцы дворнік уладжваў драбіны пры ліхтары.

— У горад, Саламея Анікееўна? — запытаў ён Рыгораву спадарожніцу.

— А табе цікава? — пацьвілілася яна і тут-жа дадала, азірнуўшыся на Рыгора:

— Так, Ганна з мужам недзе на Літве…

— Бывайце!..

Яна гасьцінна кіўнула Рыгору галавою і павярнула налева.

Рыгор пайшоў убок Садовай. Тое, што ён спаткаўся з фактам ад’езду Ганны з Пецярбургу, у першы момант не пакінула на ім ніякага ўражаньня. Мэрам-бы факт у перадачы выпадкова напатканай Ганьнінай гаспадыні ня быў праўдзівым фактам.

Калі-ж ён выйшаў на Садовую і крануў пытаньня, куды-ж яму накіравацца, як унутры адчулася выразнае нездаваленьне паводзінамі Ганны.