Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/311

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

VII

ЖАЛЕЗНЫ ПЕРАПЛЁТ мосьціку праз Фонтанку. Моцныя гранітныя аправы сьціснулі зялёную ваду халоднымі абоймамі. Направа — зямлячарпалка з паднятым вядром чорнага ілу. Далей — чарада цёмных засмоленых барак. Яшчэ далей, да Чарнышовага мосту, лёгкі адкрыты параходзік разьвівае лохмы сіневатата дыму. Чуць відаць — цёмныя пляны людзей над біламі, між высокіх каменных альтан. Што за выпадак?

Пэўна вось так глядзелі людзі і тады, калі ў чорнае вока палонкі падала Гэля?

Гэля!

Які жудасны шлях — ад Фонтанкі, у анатамічку… Э-э-х!

Надарванае сэрца асірацелага бацькі. Халодныя сьцены роўнадушнага гораду. Глыбіня і незьмярымасьць людзкое трагэдыі.

— Гэля сябар і таварыш.

Зелень пастаўнікоў і белы валь квітучых садоў.

Вёрткасьць і рэзвасьць маладое ласкі.

Жніўныя песьні і бесклапотныя гульні.

Сілцы…

Кінографічнае прамільганьне здарэньняў, прыгод, выпадкаў і шэрагу доўгіх гадоў…

— Муры туляць зьніжанае сонца?

Так, цягне золкім холадам.

На чарзе ледаход…

Што-а? Музыка?

Разухабістай хадою пяцера падвыпіўшых хлапцоў накіроўваюць проста да Рыгора. Буйны гармонік — на размах рук — выцінае «Чудны месяц», далікатна змаўкаючы на вярхох людзкіх утораў. Каля мосту — спынка.

— На Пад’ячаскую! — крыкнуў адзін і пяцера сьпін засланілі ад Рыгора прагляд наперад.

Ён ускорыў хаду, абагнаў вясёлую кампанію і схаваўся ў браме пяціпавярховага шэрага будынку.

Не абмыліцца-б.

Ну, усё-ж яна жыве ня дзе іначай, як тут. Потым, вось, усходамі — этаж…

Рыгор пільна разглядваў нумаркі над дзьвярыма, паднімаючыся ўгору.