Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/310

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

разьбежнасьць і тлуматня сталічнага жыцьця прыеліся яму, прасачылі ўсю істоту, увабралі ў сябе. А вось за гэтым сумным будынкам іншае, адваротнае жыцьцё. Памятнае па Сілцох, па Смагіне. Няўжо яно без свайго хараства, бяз сілы, якая мае здольнасьць уцягнуць у свой вір любога чалавека?..

Але што за раздумы над біламі мосту?

— Пайду да Ганны!..

Ужо на другім кроку ад месца, на якім мігнула гэта нявыразная ні то думка, ні то жаданьне, Рыгор адчуў вострую патрэбу ўгледзець сваю нядаўнюю прыяцельку. Было-б дзіўным, калі не загадкавым, каб іх доўгае, блізкае і цёплае сяброўства так раптам і гэтак ніякавата распалася. Няўжо Ганна зразу занядбала ўсімі тымі пачуцьцямі, якія зьвязвалі яе з Рыгорам? Прынамсі ў яго, Рыгора, няма сумленьня ў тое, што Ганна хоць часткаю ды жыве мінулым. Было-б, сапраўды, шаломным і абураючым, каб яна выхаласьціла сваё нутро ад усякае да яго прыязьні.

— Ну, што вунь там, па восьмай роце, за натоўп людзей?

Прыслухайся.

Марсэльеза?

Штосьці раптам павярнула Рыгора вузкім тротуарам налева — ага!

Першае мая!

Знача ня толькі бастуе іх завод, ды некалькі іншых заводаў на Выбарскай, а і тут вось… Нават маніфэстацыя і побач з казармамі…

На ператоч яму выбегла з двара казармы каля дзесятку ізмайлаўцаў. Іх узрокі прагна накіраваліся ў бок нядаўна прагучэўшай песьні.

Адтуль ужо даносіліся бразгі поліцэйскіх падкоў. Аголеныя тротуары лавілі скрадныя зрокі схаваных каля брам маніфэстантаў. Асьцярожліва некалькі чорных фігур перакрыжавала вуліцу. Пачуўся раздражальны сьвіст, рэзвы выгук. Перап’яўшы вуліцу, шэраг гарадавых па командзе абярнуліся назад і замёрлі на месцы.

Настаражылася купка ізмайлаўцаў.

Рыгор завярнуў да проспэкту.