Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/309

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі чарга заварушылася, ён баржджэй працягнуў Рыгору руку і скарамоўна пачаў закідаць яго пытаньнямі ды падзякай.

— Можа паведаміць мацеры, што ты… Ці няхай яна ў выпадку чаго накіроўвае да цябе… Пэўна ты ня думаеш адгэтуль нікуды ехаць… Бадай хутка жаніцімешся… Даруй, Рыгорка, за турботы. Я ўжо пастараюся аддзякаваць… Што-ж парадзіш, родны… Будзь здароў, усяго табе найлепшага… Можа, часамі, Гэліну магілу…

Стары памкнуўся яшчэ раз злавіць Рыгораву руку для разьвітальнага поціску, ды правяральшчык білетаў сур’ёзна праказаў яму над вухам:

— Не затрымлівай, стары. Варочайся…

У хвіліну Сідар Пералаз ачуўся на пэроне. Намерыўшыся сыйсьці ў бок і азірнуцца на Рыгора, ён наткнуўся зьнячэўку на пераганяўшага другіх пасажыра; той ліхамысна паглядзеў на яго і вылаяўся.

Тым часам напоўніўшыя пэрон новыя пасажыры вымусілі яго павярнуцца ў бок да цягніка.

Рыгор бачыў, як белы клумак Сідара Пералаза замільгаў між бягучых людзей і зусім незаўважна зьнік у іх мігатні.

— Бедны стары, з чым ён вернецца дамоў! — падумаў пра сябе Рыгор і пайшоў з вакзалу.

Сонечнае надвор’е абласкала яго цяплынёю. Вуліцаю шнуравалі сотні людзей, чый інтэрас хаваўся ў сумных сьценах гораду. Якое ім дзела да цягнікоў і пасажыраў, што мусяць як мага нясьціся ў бок далёкіх Вільні, Ліцку, Горадні і па-за імі?

Аднак, зусім нечакана паўстала і перад Рыгорам пытаньне: бывае зьнянацку складуцца ўмовы і хочаш-ня-хочаш, мусіш пакінуць Пецярбург?

Пры гэтых думках у яго нутру парвалася якаясьці няпрыметная нітачка: ёкнула сэрца і саладжавая боль расстаньня з улюбёным горадам прайшла па ўсёй яго істоце. Рыгор абярнуўся на вакзал, і ўлавіў вушамі далёкае чмыханьне цягніка. Пасьля паглядзеў направа ды налева ўсьцяж забруджанага Абводнага.

Скора год, як у яго ваччу мігнула вунь тая вагромністая рэкляма з шарыкападшыпнікамі, шэрае кола шыны «трехугольник», жывое, рэзвае дзіцяне з банкаю какао, электрычная лямпачка «Osram». Ва ўсім гэтым шавеляцца яго надзеі і трапяткія жаданьні, казытаўшыя яго ў момант прыезду. Гул і завіруха,