Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Нявехну, здаецца грае знаёмая асоба…

— ??

— Няйначай… І гутарка, і постаць, і нават манера паваротаў мне дапамінаюць… Гэлю…

— З Рыгі?

— З Сілцоў… Няўжо я абманьваюся?

Рыгор не адцягваў свае ўвагі ад гэтага пытаньня на працягу ўсяго спэктаклю.

Рупясьць хутчэй праверыць сябе падганяла хаду іграньня.

І толькі зарухала ў няроўным сувоі драпястая заслона, каб затуліць сабою зацягнуты спэктакль, як няўкосная прагаліна да выйсьця за сцэну аддзяліла Рыгора ад Сроля і Лібы.

Разьвітальныя воплескі гледачоў, як падзяка артыстам, шчодра расьсеяліся па ўсёй «салі» і паплылі ў густую цемень веснавое ночы.

Апоенныя імі, паважна, лёгкім цугам ішлі за імі артысты, хаваючыся ў імпозантным акружэньні гледачоў.

— Які я, аднак, цудны…

Недавыказанае сумненьне згасла перад пытальным узрокам, накіраваным да Рыгоравага твару маладою жанчыннай.

— Рыгор?!

Знаёмы, а цяпер наяўны Гэлін вокліч рушыў Рыгора з месца.

— Гэля?!.

— А ты адкуль гэта, і чаго?

Як назнарок, гледачы адрэзалі іх ад сьветлае палосы чырвонага праменю, што незатухшыя лямпы кідалі яго ў расхляпешчаныя вароты пажарнае.

Чорны цалун ночы атуліў іх густым змрокам неразгаданай выпадковасьці.

— Хоць-бы на цябе паглядзець, Рыгор! Давай на сьвятло… Чаго хаваешся ад мяне… Хі-ха-а-хх!

Гэліна пруткая рука, яшчэ ня зусім адвыклая ад крутых паваротаў з сярпом ды плугам, сашчапілася з Рыгоравай у локцевым загібе.

Яны павярнуліся ўправа, туды, дзе толькі што ляжала сьвятло, і, зьнячэўку, наткнуліся на дваіх чалавек, чуць ня стукнуўшыся лбамі.

— Выбачайце!

— Рыгор? Ты блудзіш?