Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/308

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Надарваны і ахрыпшы голас Сідара Пералаза ня даў яму даказаць.

— Што вы, дзядзька… ласьне можна так думаць! Я ўжо колькі часу, як вас шукаю.

— А-яй, колькі людзей — я ледзьве даціснуўся да білету. Узяў — і сяджу ды чакаю, калі пачнуць пускаць… Хоць-бы не адстаць ад цягніка. Вось як напруць, а ў мяне няма прывычкі штурхацца і — глядзіш — лаві вачыма. Астануся, тады… Хто ведае, якаво там у дому. Можа дамашнія даўно ўжо ў дарозе, а я дарма ўзяў білет да Ліцку… Ох!.. Зрабіў такую дарогу і… Дачушка-а мая, як ты моцна пакрыўдзіла сваіх бацькоў!..

І голас Сідара і ўражаньне ад яго нутранога надлому, балюча нэрваваўшыя Рыгора, перабіў зычны званок швайцара.

— Другі-ы зва-а-н-о-о-к на Пскоў, Вільню, Гр!..

Вачавідкі перад правяральшчыкам білету стала расьці грамада людзей.

Сідар Пералаз крута павярнуў ад Рыгора, каб ня быць аціснутым з праходу на пэрон. Ды толькі ён намерыўся залезьці ў чаргу, як чыясьці здаровая рука яго адапхнула ўбок.

— Я тут неадходна вартую, а вы нахабна пхаецеся, — пакрыўджана выказаў Сідар да пхаўшага.

Той не зьвярнуў на Сідара жаднае ўвагі і шчыльна затуліў меўшыся між ім і папярэднім яму чалавекам прагалак.

Тады Сідар ізноў накіраваўся да яго, ну тая-ж рука перагарадзіла яму дарогу.

Рыгор убачыў гэта і рашуча падышоў да здаравеннага, нахабнага выгляду, чалавека.

— Гэты чалавек мае права стаць наперадзе вас, — настойна праказаў ён і абярнуўся да Сідара:

— Станавіся, дзядзька, вось тут.

У адно мірганьне вока Сідар ачуўся крокаў па два ўбаку, за тое і таўхануўшы яго ад спрытнага адказнага штуршка Рыгора быў выбіты з чаргі і хутка зацёрты надышоўшымі пасажырамі. Яго зычная лаянка, накіраваная па адрасе Рыгора, незаўважанай патанула ў дружным сьмеху некалькіх салдат.

— Так, яму, нахалу, — адобрыў Рыгора адзін з іх.

Сідар Пералаз, стаўшы пры Рыгору, зьдзіўлена паціскаў плячыма і трусьліва азіраўся назад.

— Што за людзі, а-я-ай!..