Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/306

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

VI

НАД ВЫБАРСКАЙ СТАРАНОЮ насіліся хмары дыму. Яны куравілі зялёныя лісьця рэдкіх дзярэўцаў, вокны будынкаў, празрыстае паветра. Дробныя крупінкі сажы садзіліся на людзкіх тварах, залазілі ў нос. З цесных, абгароджаных высокімі парканамі, фабрычных двароў разьляталіся ва ўсе бакі гучныя стукі малатоў, бразг жалеза, прыдушанае гудзеньне станкоў. Хвалі сіняе вады ў Вялікай Неўцы аднастайным плюхаценьнем адгукваліся на процэсы непарушанай працы.

Ажыўленьне на Сампсонеўскім проспэкце і на ператочных яму вуліцах мала розьнілася ад звычайнага. Зрэдку, парушаючы штодзенны парадак, то там, то сям на рагох вуліц стаялі грамадкі рабочых, дапамінаючы ні то абедзены перапынак, ні то невялічкую забастоўку. Болей усяго дапаміналі пра выдатнасьць Першага маю ўзмоцненыя варты гарадавікоў, ды казачыя атрады, паважна, але зрэдку праяжджаўшыя ўсьцяж проспэкту.

Тым ня меней, подых майскага сьвята адчуваўся многімі, хто-б ня ішоў ці ня ехаў проспэктам, або вуліцамі Выбарскае стараны. Сотні вачэй недаверліва, ці з захованай надзеяй, прабівалі ўзрокамі мурзатыя вокны фабрычных карпусоў. Настарожаныя вушы прагна лавілі кожны стук, які чуўся за парканам і ў сьценах майстэрань. Грамадкі рабочых на рагох вуліц аднаўлялі ў памяці нядаўнія, знаёмыя падзеі. Кожную хвіліну могуць паадчыняцца жалезныя брамы заводаў і фабрык і тысячныя грамады чорных закураных людзей запоўняць шырокі Сампсонеўскі. Мігам стане паравік. Дзе дзенуцца рамізьнікі. Расчысьцяцца ад пешаходаў тротуары і пад малочным небам залунаюць гучныя мэлёдыі паўстаньня. Нельга верыць вачавідкаму спакою. Дарма з усіх фабрычых комінаў непарыўнымі пасмамі пыхае дым, сьведчачы за поўную чыннасьць заводаў!

У хмурых вокнах рабочых кватэр прытаілася няўміручая помста прыгнечаных. На кожным твары іх жыхароў, жанок і дзяцей выглядае яскравая прага вызваленьня. Гарда пануе над усім вакольным знатны будынак Ломанскага завулку. Яшчэ не залеплены глыбокія дзіркі ад казачых стрэлаў.

Глядзіш і яго зноў засуцэліць жалезнае кола вінтовак. Можа ў абед, ці ад вечару, ці ў іншы час — стукі молатаў абернуцца ў стрэлы.