Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/305

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Загнаныя, заклапочаныя, нясьмелыя і карысныя — няхай глядзяць на адвагу мужных і задумоўваюцца над значаньнем Першага Мая!

Рыгор спрытным, адрэзаным рухам пакінуў ложак і з напевам марсэльезы пачаў зьбірацца на вуліцу.

Сарафіна Хлёраўна не пасьпела заперці дзьвярэй, вярнуўшыся з рынку, як Рыгор прывітаў яе з першым мая.

— Калі вы, Рыгор Міхасевіч, мелі час адзецца? — зьдзіўлена і зусім сур’ёзна запытала яго гаспадыня. — Я толькі што, ня болей чвэрткі гадзіны, пакінула вас спаўшы, а гэта…

— Што нашаму брату значыць сабрацца — пяць хвілін, — пажартаваў Рыгор.

— Але… ну, няхай-бы гарбаты выпілі? — запрапанавала Сарафіна Хлёраўна.

— Дзякую шчыра.

Гаспадыня пераступіла Рыгору дарогу і надзвычай ласкава паглядзела яму ў твар. Яе лісьціў Рыгораў бадзёры і рэзвы настрой, а абдаўшая яго натхненасьць — чаравала.

— Я папрашу вас, Сарафіна Хлёраўна, пра адно… Калі што-кольвечы… Ну, разумееце… Як толькі здарыцца якая прыгода, прыглядзеце за маім пакоем…

— О… Рыгор Міхасевіч…

Гаспадыня аберуч хапілася за галаву і ў яе вачох забегаў сполах. Мэрам-бы над маладзіцаю абрынулася столь і зьнячэўку прыдавіла яе сваім цяжарам.

— Рыгор Міхасевіч… Няўжо вы не шануеце сябе і свае маці? Гэта-ж… Я перапрашаю вас… Куды вам лезьці аднаму супроць аружнае сілы? Ня дайце прычэпкі разрадзіць вінтоўкі… Паезьдзяць-паезьдзяць і… Рыгор Міхасевіч! Мая вам прыяцельская парада… Я… Вось зараз закіпіць вада і хоць шклянку…

Рыгор не мяняў настрою — яго твар абмываўся тою-ж рэзваю ўхмылкаю. Гэта ўплыло на гаспадыню; яна перамяніла трывожны тон на болей спакойны і ўжо ня ўпрошвала яго астацца на гарбату, а толькі радзіла яму быць асьцярожлівым.

— У мяне, як у хрыста за пазухай, Рыгор Міхасевіч! — уверыла яна Рыгора, калі той пераступіў парог на сходы.