Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/304

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на небе разьлівалася ранішняе праменьне сонца. Расшпіленая сарочка агаляла Рыгоравы грудзі, а вочы міргалі ад яркага бляску.

Ён прачыніў акно і прасунуўся ў яго па пояс, каб паглядзець у бок фабрычнага раёну. Якаясьці прыбудоўка, толькі зараз заўважаная ім, не дазваляла выбіцца яго ўзрокам за межы двара. Але відаць было па каламутнасьці неба, што фабрычныя коміны па-звычайнаму сапуць густымі камякамі дыму. І частая тупатня крокаў па дашчаных тротуарах сьведчыла за тое, што людзі сьпяшаць на працу…

А вось пралапатаў цягнік фінляндзкае чыгункі…

Няхай!

Рыгор зачыніў акно і вярнуўся на ложак.

Выабражаючы перад сабою моцную варожую сілу, ён наперакор яе націску, дэмонстрацыйна заплюшчыў вочы.

Першае мая — рабочае сьвята!

Далоў усякія думкі аб працы!

Ён не шавяльне пальцамі, каб знарушыць чыстасьць майскага сьвята!

Што будзе далей — пляваць; пра гэта знойдзецца часу падумаць.

А Першым Маем…

Нават Сарафіна Хлёраўна прытаілася дзесьці і жадным шорпатам не зварушвае майскае ўрачыстасьці…

Першае мая — рабочае сьвята!

У цесным вобдыме варожай сілы, яно блыскае красою дыямэнту. Яго чырвоная здань прысутнічае навакол і ўсюды. І няма тае сілы, якая-б магла змагацца з пераможным наступам яго хвалюючых ідэй.

Гукі сырэн — інакшыя ад звычайных. У іх меней прымусовай, угоннай да працы сілы, а болей урачыстасьці, гучных напеваў вызваленьня.

Ці ня клічуць яны Рыгора да вулічных боек?

Пэўна таму і ня сьпіцца, што майскі настрой разварушыў яго бадзёрасьць. Калі сьвяткаваць — дык на вуліцы перад усімі, з дэмонстрацыйнай адзнакаю сьвята. Хто яго бачыцьме схованым у пакоі? А мо’ ён адзін адстаў ад тых, хто злучыўся ў баявую грамадку і пры чырвоным сьцягу з песьнямі вялічае Першае мая?