Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/297

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

па вучастках, дапытваў і вось… змардаваным прыйшоў у бежанскі комітэт, а я дамоў. «Што я скажу яе мацеры?» — пытае.

— Так, што стары скажа сваёй жонцы пра загубленую дачку?

Усе ўтраіх, мэрам-бы згаворана, спыніліся ў гутарцы, прыпёртыя шчыльна да зададзенага Рыгорам пытаньня: што стары скажа сваёй жонцы пра загубленую дачку?

— Аднак, таварышы, — перабіў Якаў Гіс: — «Мертвый в гробе мирно спи, жизнью пользуйся живуший». Мы ня сышліся на памінкі, хоць і блізкага Рыгору чалавека.

— Сапраўды, — падмацаваў Анікей. — Перад намі першае мая і зьвязаныя з ім заданьні.

— Вы прынесьлі іх разьвязаньне?

— Мы прыйшлі, каб абгаварыць гэта.

— Я вельмі здаволены.

Яны чынна ўселіся каля стала, як сваякі, і прыняліся за абгавор сьвяткаваньня першага мая. Рыгор хутка забыў пра мінорны настрой, справодзіўшы яго праз увесь дзень, і горача аддаўся абароне дэмонстрацыйнага выступленьня ў дзень рабочага сьвята. Ён ня браў у разьлік некаторых ахалоджваючых разважаньняў Якава Гіса і не згаджаўся з Анікеевай орыентацыяй на іншыя мерапрыемствы.

— Дык што-ж, нарэшце, па-вашаму павінна быць? — нецярпліва пытаў ён.

— Я думаю, што ваш завод знойдзе выйсьце для гэтага… — нявыразнаю формулаю адказаў Якаў Гіс.

— Ты заўсёды калываешся між двух крэсел, Якаў. Я прыпамінаю Рыгу, і мне яскрава відаць твая нерашучасьць…

— Усё-ж мы мусім улічаць розныя вынікі, якія магчымуць атрымацца ад таго, ці іншага накіраваньня нашай тактыкі, — казаў Анікей.

— Цябе палохае студзеньская ізоляванасьць?

— Да чаго гэтыя папрокі. Я ніколі не аставаўся ззаду і зараз…

— Дык пашто непатрэбныя развагі?

Якаў Гіс пачуў сябе на нейкі час выпхнутым з каляіны, па якой пайшла спрэчка паміж Рыгорам і Анікеем.

— Я думаю, што кожны з нас за плёньнейшыя вынікі сьвяткаваньня, — унёс ён саламонаўскае рашэньне для прадстаячых і абгаворваных пытаньняў.