Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/298

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ні Анікей, ні Якаў ня далі на гэта ніякага адказу.

Аднак, у далейшых абгаворах усе трое сышліся на тым, каб увязаць форму выступленьня з выяўленым на заводах перадсьвятным настроем рабочых. Гэткае рашэньне, разам з тым, астудзіла выбухнуўшую навостранасьць у іх гутарках. Якаў Гіс завёў мэлёдыю варшавянкі, а Рыгор дбайліва зьбегаў да гаспадыні і папрасіў у яе нагрэць гарбаты.

Паступова Рыгораў пакой напоўніўся ціхім харавым пяяньнем рэволюцыйных сьпеваў. Стаўшы ў колка, усе трое з рашучымі махамі рук, з рытмічным патоптваньнем ног, поўныя натхненьня, зьлівалі сваю ваяцкую рашучасьць у моцных словах прызыўнае песьні. Уласьцівая ёй сіла ўздыму і захапленьня няўпрыкмет падвышала настрой сьпевакоў, раздавала іх грудзі і гучніла галасы. Ужо калыханьне паветра пачало біцца ў шыбы акна і прасочвацца ў шчыліну непрачыненых дзьвярэй, калі моцны голас Сарафіны Хлёраўны варваўся ў пакой і абарваў пяяньне.

— Што вы, Рыгор Міхасевіч, што вы? Пад вокнамі тупаюць гарадавікі, а вы маніфэстацыю разьвялі. Я не магу вам гэтага дазволіць, я ня мушу праз вас рызыкаваць сваім спакоем, Рыгор Міхасевіч…

Расчырвоненая ні то ад злосьці, ні то з перапуду гаспадыня ўбегла ў пакой, хутка паставіла на стале гарбатнік і моўчкі выбегла з пакою.

Якаў Гіс правёў яе квапнай капіроўкай нэрвовае хады і зачыніў дзьверы.

Але не пасьпелі яны падысьці да стала, як гаспадынін голас ізноў адцягнуў на сябе іхнюю ўвагу.

Рыгор выбег з пакою і ўголас прагукаў:

— Пя-атрусь, браток, хіба-ж ты?.. Заходзьце… Рыма… Знаёмцеся…

Пяцёра чалавек рабілі Рыгораў пакой цесным і поўным. Забітых у сьцену цьвікоў не хапала для адзежы, стол сваім памерам не даваў месца для пяці крэсел, каб і былі яны ў пакоі.

Але задаволенасьць гасьцей, выразна адзначаная на Рыгоравым разьвяселеным твары, раздавала сьцены пакою, робячы яго сьветлым і прасторным.