Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/295

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Так, дзядзька. Я і сам дагэтуль не магу супакоіцца — гэтак мяне ўразіла вестка пра Гэлін учынак… Успомню, і, ведаеце… але што-ж парадзіш цяпер, што!..

Сідар бязмоўна разводзіў рукамі і безнадзейна глядзеў на Рыгора.

— Парадзь хоць-бы, як мне на магілу наведаць.

Рыгор маўчаў, абдумоўваючы тыя рады, якія-б можна было даць асірацеўшаму бацьку, але якія мала што дапамаглі-б яго гору.

Правесьці яго на Гэліну быўшую кватэру, на вочы тае праціўнае ведзьмы? Атруціць бацькавы ўспаміны паветрам заклятага вяртэпу? Кінуцца на пошукі Гэлінай магілы? Вучасткі, бальніцы, анатамічныя тэатры? Ці выйдзе што з гэтага?

— Дзядзька Сідар, паверыце, гэта ўжо ня ў нашай сіле, што-колечы зрабіць…

— Хоць-бы магілу, хоць-бы месца тое ўгледзець…

Зацяжныя ўсхліпы старога Сідара перарвалі паседжаньне бежанскага комітэту; яны пякучаю жальбою насіліся па пакоі, б’ючыся ў гладкія, нячулыя сьцены, хвалюючы спагаду ў грудзях тых шасьці чалавек, што стаялі перад ім.

— Гэля, дачушка-а, прыдзі-ж пабачыцца-а з бацькам…

— Вы яго суцешце і няхай ён адпачне праз ноч… Чым-жа болей яму памагчы? — разьвёўшы рукамі, спачуваюча выказаў Бронісь.

Іншыя чацьвёра, хто кіўнуўшы галавою, хто махнуўшы рукою, у адзін голас парашылі:

— Плач ня плач, дзядзька, а дачкі ня вернеш.

Рыгор разьвітаўся з Сідарам, і пакінуў яго аднаго…


IV

— ХА-ХА-ХА! Можа затрымалі? Глядзі на гадзіньнік, Анікей!

Якаў Гіс страсянуў галавою і пук яго чорных, хвальністых кос скатам апусьціўся назад. Ён прыціснуў іх рукамі, і прывычна капыльнуў доўгім роўным носам. Ангельскія вусікі яго апісалі нешта накшталт знаку параграфа.

— Ці дачакаемся, глядзі?

— Цікава тое, што ён не працаваў пасьля абеду, — паведаміў Анікей.