Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/294

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Прабачайце мне, я ўжо не магу gрыняць удзелу ў вашым пасяджэньні, — перапрасіў Рыгор Броніся: — я буду прасіць дазволу з гэтым дзядзькам…

Кароценькі чалавек ня даў Рыгору дасказаць і з тэю-ж, ужыўнаю сабе гасьціннасьцю, прачыніў дзьверы ў пакой, куды толькі што памясьціў селяніна.

— Шкада, ды што зрабіць… Вы ўжо абмяркоўвайце свае справы, а я пабягу канчаць пасяджэньне, — праказаў ён на хаду. Кароценькі чалавек схаваўся за дзьвярыма канцылярыі.

Рыгор-жа з Сідарам апынуліся адзін-на-адзін, у суседнім пакоі.

Абое паселі пры маленькім століку і перад тым, як пачаць гутарку, пільна паглядзелі адзін на другога.

Сідара давіў востры бацькаўскі жаль, шурпатая безнадзейнасьць, і ён сумна, але з нейкай няўпэўненасьцю глядзеў у Рыгораў сьвежы настужаны да чырвані твар.

Рыгор адчуваў яго настрой і ўжо меў сабе поўнае ўяўленьне пра тыя сцэны бацькаўскае мукі па згінуўшай дачцэ, якія перапаўнялі ня вельмі мяккае сэрца Сідара.

«Трэба суцешыць старога, ды ці выйдзе што з гэтага?»

— Справы, Рыгорка, — з націскам горкасьці пачаў Сідар. — Прыехаў на вясельле да дачкі… Людзі маюць пацеху, а мы… Ласьне можна было?.. Рыгорка, маё сэрца чула, дык… Паверыш, ня меў сілы ўтрымаць… А, бач, ці-ж дрэнна было ёй дома?.. У гэткіх бацькоў, як мы… Але надало, надало… Некая ліхая сіла пхнула ды пхнула… Я адно, а яна другое… Упарта-а-я-а! І на табе-э… Клубком-ом, калясом па сьвеце-э… Дачушка-а, мілая!.. Гады ў рады пісямко, а бацькаўскае сэрца — каве-эліцца на часткі… Смагін, Ваўкавыск, Вільня… і той жаданы, той завабны… Пецярбург… Эх-эх-хэ!.. Гэля-а… Гэлячка-а!.. Бацька твой ў госьці-ы прыехаў… Чаму-ж ня прыйшла ты на вакзал?.. Такіта-ж я кінуў і матку і хату… Можа ўжо за мною едзе-а маці з Кандратам, як бежанка… А ты… Рыгорка-а, ну, дзе-ж, ну дзе-ж мне яе пабачыць? Ну, можа-ж магіла ёсьць? Ці ўжо нат і гэтага… Гэля, Гэля-а, Гэля-ач-ка-а!!.

Рыгор падняўся з месца і прайшоўся па каморцы.

Што ён мог сказаць? Чым ён мог спыніць Сідараву роспач?