Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/293

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— У чым-жа справа, дзядзька? — ласкавейшым голасам запытаў Бронісь і падышоў да вяскоўца.

— Не расказаць, добры чалавек… Цяжка мне, бацьку, ой як цяжка і горна… Знача Рыгора тут няма?

— Зайдзеце, пачакайце крыху ў суседнім пакоі — мы якраз яго чакаем на паседжаньне. Магчыма, што і прыдзе, а не — дык я вам знайду яго адрас… Няшчасьце, пэўна маеце?

Кароценькі чалавек папрасіў засядаўшых хвілінку пачакаць, а сам павёў вяскоўца ў суседнюю каморку.

— І начаваць я ня ведацьму дзе, калі запозьніцца ён… Хоць-бы…

— Нічога, дзядзька, усё ўладзім… Вось бярэце-э крэсла і пасядзеце, а мы зараз…

Якраз пачуўся званок і кароценькі чалавек кінуўся да дзьвярэй.

— Ага-а! Вось дык трапна-а! — прагукаў ён Рыгору, які пераступаў парог: — А мы вас дагэтуль чакалі… Мне так хацелася, каб вы прынялі ўдзел у нашым комітэце, што я… Вы атрымалі бок, маё паведамленьне? Я, паверыце, ехаць меўся па вас, толькі, на яго бяду, тацянінскі комітэт паперашкодзіў… Ой-жа добра, што прыехалі. Нас-жа так мала і мы… Праходзьце — распранецеся ў канцылярыі. Прашу…

Кароценькі чалавек з падкрэсьленаю гасьціннасьцю, якая падкупала Рыгора, адчыніў дзьверы і прапусьціў яго першым. Але Рыгор не пасьпеў пераступіць у канцылярыю, як кароценькі чалавек яго перапыніў воклічам:

— Ага, бок, убачайце-э… Вось тут чакае вас адзін селянін, во…

Рыгор забыў прывітацца з тымі, што засядалі за сталом і крута павярнуў з канцылярыі.

У гэты момант ужо бег да яго з суседняе каморкі ўспомнены Бронісем чалавек.

— Рыгор-а! Здароў, браце-э! Не пазнаеш? Сідар Пералаз, Гэлін бацька?!

Рыгор ажно падаўся на крок назад і нечаканасьць стрэчы яго зьбянтэжыла. Ён зьдзіўлена азірнуўся на кароценькага чалавека, сьледам узяў селяніна за руку і нейкі час ня ведаў, як быць.