Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/292

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дую. Сапраўды-ж яны маюць рацыю скардзіцца, толькі-ж мы бяз моцы пасабіць… Можа пачнем засядаць? — запытаўся ён і тут-жа адказаў: — Нешта многіх няма. Але ўжо позна, а павестка…

— Усёй, бязумоўна, нам ня вырашыць у адзін засест.

— Важней усяго гародную справу вырашыць, а далей… Дык давайце, мужчыны, пачынаць.

Кароценькі чалавек сеў насупроць чатырох іншых і пачаў разгортваць плян організацыі народнае гаспадаркі комітэту. Згодна яго пляну, бежанскі комітэт павінен узяць дваццаць дзесяцін зямлі на скачках і абярнуць яе ў гароды. Апошнія мусяць апрацоўвацца сіламі комітэцкіх утрыманцаў.

Плян у сваёй аснове выклікаў спачуваньне, але зусім нязначныя дробязі яго ажыцьцяўленьня пацягнулі за сабою буру спрэчак. Відаць было, што апошнія нэрвавалі ініцыятара пляну і той, выйшаўшы са сьцерпу, падняўся з месца і злосна прагукаў:

— На гэткай дробязі і то ня можам пагадзіцца. Ды дзіва, што мы чаго буйнага ня ўмеем зрабіць. Калі ласка, вырашайце самі, а я…

Яго перабіў уваход у канцылярыю незнаёмага вяскоўца, на выгляд бежанца, у кажуху, лапцёх ды з кіем ў руцэ. Зьняўшы шапку ў дзьвярах, ён непасьмеў першым выказацца, чуючы голасную гутарку кароценькага чалавека. Калі засядаўшыя, як згаворана, усе разам паглядзелі на ўвайшоўшага, той запытаў іх:

— Скажэце, будзьце ласкавы, ці сярод вас няма часам Рыгора Нязвычнага?

— Не, — адказаў кароценькі чалавек. — А гэта-ж чаму вы яго тут шукаеце?

Вясковец памяўся нейкі час, пасьля разгорнена сказаў:

— Ды дзе-ж, мае мілыя, мне яго шукаць? Пецярбург для мяне горад чужы і невядомы. Куды мне ткнуцца ў гэткім разе? Дзякуй яму, якісьці добры чалавек падказаў на вашу ўстанову.

— А вы-ж зачым, дзьдзька, прыехалі ў Пецярбург? Бежанец, ці проста па справах?

— Па справах… Ох, ды справы, бач, гарэйшыя нат’ ад бежанскіх…

У вяскоўца заблішчэлі ў ваччу сьлёзы. Гутарыўшыя з ім бачылі, як ён паднёс да іх лапляную рукавіцу і пачаў выціраць сьлёзы.