Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/290

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яны павярнулі да буфэту, паціху і асьцярожна рассоўваючы публіку, каб даць магчымасьць прайсьці раненым.

Трое іх, адзін на мыльніцах з дзьвюма баўтушкамі — нагамі, другі бяз рукі, трэці з павязанаю галавою, моўчкі ішлі між ім ды Лібаю. Раненыя пільна паглядалі на Рыгора.

Усеўшыся пры малюпаткім мармуровым століку, Рыгор заказаў піражкоў і па шклянцы кавы. Яго гасьціннасьць кранула раненых, якія ў перабой пачалі апісваць Рыгору перажытыя імі жахі вайны.

— Хутчэй-бы як-колечы на родную Кубань. Прыехала-б у госьці, сястрыца, ды мо’ з гэтым добрым чалавекам, — з поўным палу жаданьнем, але бяз веры, праказаў той, хто быў не мыльніцах, з вялікімі цяжкасьцямі прысеўшы на крэсьле.

А я ўжо сястры прышлю мэлітопальскую мядзяніцу… Пахучую, як воск!.. Ха-ха-ха!..

Ліба цёпла ўхмылялася абодвым марнікам і спачуваюча ўздыхнула.

— Так, мы ўсе тут — нудзім па радзіме ды па блізкіх, але…

Ліба не дасказала.

— Толькі ў адных больш шансаў на зварот, а ў другіх іх меней…

— Некаторым ня суджана вярнуцца зусім. І не таму, што ім паперашкодзіла вайна, а таму, што… Вы помніце, Ліба тую дзяўчыну, якой кідалі кветкі на сцэну ў смагінскай пажарнай?

— Як-бо не знаць? О, яна выразна адбілася ў маёй памяці…

— Яе ўжо няма.

— Што вы кажаце? Го-ох! — хапілася Ліба за белую касынку на галаве: — як гэта хутка!

Рыгор мігам падняўся з месца і адышоў ад стала.

— Я вас чакаю, Ліба, і прашу! — стараючыся перакрычаць гукі сьмеху, выкрыкнуў ён праз галовы раненых і ў момант зьнік у натоўпе гуляючых.


III

КАРОЦЕНЬКІ рэзвы чалавек зачыніў няпрычыненыя дзьверы і нездаволена вылаяўся.

— Не навучыць іх да парадку. І што гэта за людзі! Каб чужое, а то свайго ня хочуць ушанаваць. Прыказваеш, гаворыш, а яны па-свойму.