Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/289

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На скрыжаваньні трамвайных шляхоў яксьці саматугам, мімавольна кінулася яму ў галаву выпадковая думка паехаць у Народны дом — ні на драму, ні на опэру, нават ні на крыклівае, пустазвоннае кабарэ, а ў тысячную гушчу гуляючай публікі, у яе тлум, гам, бязьмэтнае таптаньне.

Сеўшы ў вагон трамваю — ён ужо быў непарыўна зьвязаны сваім плянам, які вырас у нешта завабнае ды заспакойваючае. А чым бліжэй да Народнага дому, тым гэты плян рабіўся шырэйшым і багацейшым па сваім зьмесьце. Народны дом глядзеў на яго смачнымі піражкамі з кавай, бесклапотным сьмехам тысяч дзяўчат і хлапцоў, буйнымі шансамі рознастайных выпадкаў, здарэньняў ды нечаканасьцяй…

Празрыстыя рэклямы пры ўваходзе ў Дом швыдка выпхнулі Рыгора з трамваю і матнэтам пацягнулі яго да дзьвярэй, якія нясьціханна, як вяртушка, круціліся перад ім. Рыгор не апамятаўся, як халодная медная ручка, таўшчынёю з цапідла, апякла яго руку халадэчай. Хтосьць, што ішоў заднім, пасобіў швыдчэй адцягнуць на сябе цяжкую фортку дубовых дзьвярэй, пасьля моцна ціскануў яго і перадтурнікетны натоўп увабраў Рыгора ў сябе.

— Праходзьце хутчэй! — прагукнуў ён наперад.

Яго словы засталіся без адказу. Ды фактычна іх ніхто і не пачуў з-за раптам узьнятага крыку.

— У чым справа? — запытаў хтосьці поплеч Рыгора.

— Інваліда павалілі, сто-ой-це-э! — пачуўся адказ, і новы націск адпіхнуў людзей. Але тыя, што іх прыціснулі да дзьвярэй, дружным напорам павярнулі людзкую хвалю наперад. Пачуўся гучны стук, і Рыгор на паветры пранёсься праз турнікі ў залю.

— Вось дык здорава! — пасьмяяўся з яго хтосьці ззаду.

— Так! — абярнуўся ён на хаду да сказаўшага гэта і раптам спыніўся.

— Дык гэта-ж вы, Ліба? У гэткай таўханіне, матачкі! — зьдзівіўся Рыгор.

— Даруйце мне, што я дагэтуль не сабралася да вас. Ужо гэтымі днямі — абавязкова… — успомніла Ліба пра ранейшае.

— Пройдзем да буфэту, Ліба. Я, прызнацца, яшчэ сёньня нашча.

— Нашча? Гэта з якое прычыны?

— Або іх пералічыш?