Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/288

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тым, хто не адгукнуўся на мае надзеі і праз гэта пасобіў росквіту нявер’я ў дадатнасьць майго існаваньня. Позна і дарэмна. Мне болей не вярнуцца да таго пункту, ад якога я строма пакацілася ўніз. Мне страшна і нявытрымана стала тады, калі я стрэлася з табою. Мая баязьлівасьць застаўляла табе схлусіць пра комітэт і пра спэктакль; тая-ж баязьлівасьць не дазволіла мне адмовіцца ад тваіх турбот адшукаць мне службу. Ды ня толькі гэта — не. Я ўжо тады адчувала сваю няздатнасьць да творчае працы, сваю лішніцу ў жыцьці, якое ашукала мяне. Але, прызнаюся табе, Рыгор, што і тады і зараз, вось успамінаю пра Пятруся. Я, ня думай таго, і няхай ён ня думае, спатыкала яго з невядомай мне дзяўчынай, зазірнула ад шчырага сэрца ў яго сарамлівыя вочы — ды не знайшла спагады. Бач, мне непатрэбна было жаднага спачуваньня, я незалежны ад нікога чалавек, ну, і ў яго людзкасьці не хапіла ні на макава зерня. Я адышлася і сплюнула, але сэрца маё балюча ёкнула. Мне стала цяжэй і безнадзейней. Тады да мяне надышло бліскучае рашэньне — кінуць жыцьцю ўкорны папрок — ахвяраю сябе. Я не хацела сумнявацца ў правовасьці гэтага і баялася, моцна баялася, каб мяне не падсьцерагло сумненьне… Скора буду ў дарозе. Цьвёрдымі крокамі я накіроўваюся да астатняй станцыі… Даруй за ўсё, але ня думай, што дарма на гэта іду. Другія шляхі мне загароджаны. Уклон Пятрусю і… можа бацьком. — Гэля».

Глыбіня Гэлінай трагедыі — нязьмерна. Рыгор яшчэ ясьней уявіў гэта менавіта цяпер. Яна не давала яму супакоіцца, не дазваляла апраўдацца. Ён дагадваўся, што чаўпецца ў Гэлінай сям’і; яе-ж так моцна любілі і шанавалі, так ганарыліся ёю і раптам…

Рыгор увесь задрыжаў ад злосьці, адлажыў Гэлін ліст і безабдумана, нэрвова хапіўся за адзеньне. У яго руках хутка завярцеліся сарочка, камізэлька, жукетка, паліто. І сьледам стук дзьвярэй правёў яго на сходы.

Без намеру і без абдуму ён выйшаў на вуліцу і паскораным крокам пайшоў напрамкам да клінікі Вільлё.

Сустрэў-бы хто Рыгора ў гэты момант і запрапанаваў-бы яму што-колечы блазнае, нязбыўнае — ён кінуўся-б на яго з засосам, самааддана. Але на адгоне каля двух кілёмэтраў яго ня толькі ніхто не пераняў, а нават ня зьбіў яму дарогі і ня даў жаднага намёку на перашкоду яго роўнай, адшнураванай хадзе.