Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/284

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адчуваў усё, што з гэтага выплывала, і ня мог ня браць яго пад увагу.

Дзень-у-дзень перад ім паўставаў сівабароды дзядзька са Знаменскай вуліцы; пакорліва разьнятыя сінія губы не пакідалі шавяліцца, пагрозныя, пякучыя словы выкладалі балючы зьмест страшэнных падзей. Яны абнімалі Рыгораву істоту, ціснулі на яе і не давалі супакою. Вайна разбурае цэлыя краіны, зганяе з месца сотні тысяч працоўных людзей. Колькі іх разышлося па белым сьвеце! А колькі яшчэ на чарзе!

Праз усю зіму — вайна ня сьціхае. Як страшэнная тузаніна, яна пазьменна калыша мільёнамі, давіць і цісьне на зямлю і на людзей. Кожнадзенныя весткі ня спыняюць казаць пра ўпартае пасуваньне нямецкае арміі на ўсход. Нямецкая армія націскае — расійская адступае, ці наадварот — а мірныя вёскі і мястэчкі няшчадна расьціскаюцца пад тоўстымі шынамі гармат, пад конскімі капытамі, пад абцасамі тысячных грамад пехацінцаў.

Вайна цягнецца — і ня спыняецца бежанства. Хто яго ведае, у які момант падыдзе чарга да Сілцоў. Газэты праўды ня пішуць — стаўка захоўвае няпрыемныя для Расіі навіны. Ці-ж не адмячаў Рыгор многаразовыя няўвязкі ў разгортваньні плянавага манэўру абароны? Ці не зьнянацкам было заняцьце немцамі Лодзі, іх раптоўнае зьяўленьне пад Асаўцом і ў Сувалкшчыне? На заўтра, пасьлязаўтра прарвецца данясеньне пра страту Гародні, пра падыход немцаў да Нёману. Гэта-ж усё згон мірнага жыхарства, гэта-ж усё новыя тысячы ўцекачоў.

Вось-вось у іх ліку апыніцца яго маці, Сёмка з бацькамі і жонкаю, Зося і дзесяткі яшчэ ня згладжаных у памяці сілкаўцаў. У адзін ліхі момант зрушацца яны з месца і, як бяздомнікі, рассыплюцца па засьнежаных дарогах. Апусьцеюць сілцоўскія вуліцы; парожнімі застануцца будынкі; будзе рэхам аддавацца ў пустых хатах стукат конскіх капытоў, рэдкія стрэлы гармат ды вінтовак. Пасьля бесспагадная рука запаліць пук саломы, уваткне ў рагавую хату ў бок ветру і пусьціць агнём векавую, працоўную ашчаднасьць сілкаўцаў. Голымі комінамі глядзецьмуць абгарэлыя печы, сатруцца лініі вуліц і дзікая крапіва забуяе густымі зарасьнямі. Вецер завірухі — стане адгалоскам жніўных і вясельных песень сілцоўскае моладзі.

А дзе прыпыняцца тыя, што пакінуць Сілцы? У Пецярбурзе на голым бруку халодных вуліц? Ці пад пякучым пяском Тур-