Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/283

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мільёнаў, не дазваляючы ёй разварушыцца? Няўжо вайна вышэйшы закон?

Насустрач прыгожай вясьне вытырклі прагныя дулы гармат, бліскучыя лёзы штыкоў і пік. Пад сіні лазурак неба імкнуцца хмары дыму ад пажараў, з комінаў фабрык ды заводаў, дзе куюцца знарады, зброя, атрутныя газы. Чырвоныя пырскі крыві зьвільжаюць вызьвеўшыя купіны зямлі. Там, пад верхнім слоем размочанага пяску насеньне валошкі, пралескі, кукалю. Няўжо на іх крохкім храстку стане падкованы абцас і расьцісьне кволыя валаконцы прыгожых красачак?

Вясна, ядраная, з залацістымі сувоямі шаўкавістага праменьня, гудзе струменямі бурлівае вады, блаславіць зямлю нябескаю красою неабмернага блакіту.

На вясну надзеі.

Навошта каму той Бэрлін, тая Вена, Будапэшт і Константынопаль?

Замірэньня — згоды!

Годзе драпежніцтва!

Гэта выразна напісана на тварах тысяч праходжых, занятых працаю.

Абыякавасьць?

Так, яно не паддаецца ўжо награваньню адцягненымі, фальшывымі абяцанкамі. Зіма паказала, што ў ёй хаваецца. Вясна — рашыць!

Вясна рашыць!

Рыгору хацелася гэтага, але ён ня быў упэўнены, што гэта здарыцца. Нячуваны размах вайны, захапіўшай у сваё ўлоньне дзесяткі краін, мільённыя арміі, азьвярэньне людзей — не казалі ў карысьць яго хаценьня. Клубок нясупынна блытаўся, рос вузел на вузлу — бяз конца, бяз меры.

Разам — падвышалася напружанасьць пачуцьця. Цяжка рабілася — губляючыся ў няведаньні наступнага.

Але раздумы на гэту тэму не аблягчалі становішча. Наадварот, яны ўдубальтоўвалі яго цяжкасьць. Прыходзілася спыняцца на апошнім — калі-небудзь ды вайна скончыцца. Ня будзе-ж яна бясконцай?

Кожны раз, адцягваючыся ў думках ад вайны, Рыгор у яе аспэкце разглядаў сваё ўласнае жыцьцё. Нельга было сказаць, каб ён цалкам залежаў ад паваротаў вайны, усё-ж яна клала на ім свой адбітак. Прымацаваны мілітарызацыяй да заводу, Рыгор