Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/282

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сталіца і губэрскія гарады памагалі гэтаму нясупынным павялічэньнем раненых, грамад сагнаных з вёсак, з мястэчак людзей, перавозка гармат і прыпасаў, праезд кавалерыі — дапаміналі пра несканчоную крывавую завіруху.

У ваччу зелянілася хакі. Яго бледа-зялёны колер, які выглядаў з вокан магазынаў, з плеч вялікае колькасьці мужчынскага насельніцтва, каламуціў сьвятло сонца і бялізну сьнегу.

Жалеза і кроў — напаўнялі згушчанае паветра. Разгойданыя нэрвы радзілі міжлюдзкую злосьць, нянавісьць, жывёльнае драпежнае пачуцьцё. Кавалкі людзей, падапёртыя кастылямі і цурубалкамі, павязаныя марляю і адзетыя ў шкураныя, рыпучыя протэзы — пеніліся агідаю на жывых і здаровых. Абыдзены фронтам, з свайго боку, нядбала, агідна пазіраў на быўшых людзей.

Абжырэлыя, з выпучанымі на аршын грудзьмі, ваяўніча пракладвалі сабе дарогу тылавыя офіцэры, чыноўнікі, земгусары. Над імі — неба, пад імі — сьмецьце. Вазьніца аб’яжджаў яго на дарозе, трамвайны важаты спыняў на ўсім хаду трамвай, бачучы ківок яго пальца. Бліскучыя сьвятлом рэстораны падсьцілалі ім белыя сурвэты, ставілі букеты красак, увіваліся дзесяткамі пакорлівых, паслухмяных кельнэраў.

Вайна — як эпоха, правіла жыцьцём. Яна віхрыла людзкі натоўп, як парушынкі, разносіла скаргі, як вадзяныя плюхі. Вайна, як эпоха гайдала долю мільёнаў, зрываючых іх з месца і ганяючы па спустэшаных прасторах.

Дзе яе канец?

Няўжо, сапраўды, Вільгэльм просіць згоду ў бэльгійскага караля? Дык чаму-ж той, упарты і агідны, адказваецца пайсьці на яго?

У Бэрліне не хапае ежы — стаіць агульнае нездавальненьне вайною. Дык чаму-ж нямецкае войска з гэткаю ўпартасьцю вядзе наступ на ўсіх франтох?

Расійскае войска ідзе на Эрзэрум. Туркаў чакае пагібель? Дзе яна, чаму яна ня прыносіць разам з гэтым пагібелі усёй вайне. Усюды і ўсе чакаюць міру, чакаюць тэй хвіліны, калі змоўкнуць стрэлы гармат і нязьлічоныя цягнікі пакінуць падвозіць сотні тысяч раненых.

І разам з тым, усе бязвольны наблізіць той час. У чым захавана вось гэта супярэчнасьць? Якія законы давяць на волю