Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/281

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ПЕРШАЯ



I

ЗАЦЯГЛАСЬЦЬ ВАЙНЫ на зіму крута мяняла грамадзкія настроі ў сталіцы. Дзе падзеліся яшчэ незабытыя, задзёрыстыя, ганарлівыя разважаньні на тэму пра паход на Бэрлін, пра ўзяцьце Дарданэл. Зьнікла пустая пахвальба вялікасьцю і пераможнасьцю расійскага войска. Усё часьцей ды часьцей вынікалі хлусьлівыя паведамленьні аб хуткім банкруцтве немцаў. Час-ад-часу ўздымалася муссыраваньне цёмных, нявыразных чутак пра мір.

Уцеха перамогаю над туркамі нацягвалася компэнсацыяй за вагромністыя страты на вайне. Струмень бульварнае чорнасотніцкае літаратуры ў выданьні «Нового Времени», бутафорнасьць патрыотычных концэртаў расплываліся ва ўсё ўзрастаючых недахопах. Уздым дарагоўлі на хлеб, на соль, на мяса, недастачы цёплага адзеньня на франтох; пошасныя хваробы ад недаяданьня арміі, ад яе разьдзетасьці прарочылі ліхое ды нядобрае. Часьцей і больш упэўнена пачаліся чуцца крытычныя галасы наконт непарадкаў у вайсковых сфэрах. Непадгатаванасьць да зімовае кампаніі выразна вылазіла напаверх падзей, пагражаючы іх паваротам у дрэнны бок. Сэквэстрацыя маемасьці нямецкіх грамадзян, забарона опэр Вагнэра, выяўленьні зьмены Мясаедава не маглі апраўдаць страшэннага згубства войску і разору краіны. Мільёны забітых немцаў і аўстрыякаў хавалі пад сабою ня меншыя лічбы страт з расійскага боку. Вэрдэн і Лувэн на заходнім фронце, Перамышль і Асавец — на ўсходнім. Атакі і кровалітныя бойкі вяшчалі штосьці страшнае наперадзе.

Жыцьцё цалкам, ва ўсіх сваіх рознастайных праявах, паддавалася ўплыву вайне. Ад вайны залежыла доля мільёнаў людзей, з вайною былі зьвязаны жаданьні і імкненьні любое адзінкі ваюючай краіны. Вайна ўваходзіла ў звычайнае зьявішча, але гэта далёка ня ўсьцішала людзкога хваляваньня.