Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Так-так, ваша імя я ведаю. Мне Сроль многа разоў дапамінаў пра вас… Ды ён вас шануе! У яго вачох — вы ідэальны чалавек… Ён хваліць вас заўсёды… І я так рада, што з вамі спаткалася!.. Ды яшчэ гэтак цікава спаткалася…

— Дазвольце мне зваць па фаміліі… Эдаецца Крамнік, калі ня мыляюся?

— Так, Ліба Крамнік… Але скажэце мне…

— Гэта пасьля, а цяпер…

З-за рагавое хаты прагучэў рэзкі воклік: ні то хтосьці каго зваў, ні то проста, займа здароў, нехта пракрычаў. Іх гутарка спынілася.

Ліба знаходзілася пад уражаньнем спатканьня з Рыгорам, пра якога раней многа наслухалася, і які, дзякуючы гэтаму, мэрам-бы астудзіў яе нядаўнюю рэзкасьць. Але яна адчувала тое пачуцьцё ўміленьня, якое яе местачковая непасрэднасьць абудзіла ў Рыгору.

Рыгору не хацелася думаць пра заўтрашнія захады наконт працы — спакой вясеньняе ночы апойваў яго асалодаю новага знаёмства. Гэта казытала яго істоту, засьцілаючы мяккаю ўтульнаю ўслонаю жорсткія хвіліны нядаўніх перажыткаў.

— Прыйшлі, — паведаміла Ліба.

— Можа яшчэ рана? — запытаў Рыгор.

Запытаў назнарок, бо было відаць, што спэктакль яшчэ не пачаўся. Пра гэта сьведчылі гурткі людзей, што стаялі перад варотамі будынку, шолам, крыкі дзяцей; сьведчылі няпрычыненыя вароты, з якіх выплывала шырокая паласа сьвятла. Але разам з гэтым чуўся ў пажарнай перапеў музычных зыкаў: музыкі наладжвалі інструманты. Пачатак спэктаклю набліжаўся.

— А ці нас месцы не разлучаць? — пажартаваў Рыгор.

— У мяне дзесятага раду — хто будзе глядзець!

— Вы дазволіце сесьці побач?

— Які вы, Рыгор… Калі ласка! Абы не мяшала вам!

Яна хацела яшчэ нешта сказаць, але яе паклікалі:

— Ліба!

— А, гэта ты, Сроль? Прабірайся сюды…

Праз хвіліну Сроль стаяў каля іх.

— Што так запазьніліся, — пытаў ён.

— Чаму, яшчэ-ж не пачыналася, — адказала Ліба.