Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/273

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Будучы ў Гэлі перад новым годам, яму ня ўспала на думку заўважыць месца і будынак, у якім яе «кватэра». Тады ўсё неяк сталася нечакана і дзіўна, што, каб і хацеў разглядзецца чалавек, то ня мог-бы гэтага зрабіць.

Роўная сьцяна будынку на ўвесь квартал. Падобныя адна да другой лёхі пад жалезнымі брамамі. У прачыненых варотцах глядзяцца калодзежы цесных двароў. Сярод іх, бязумоўна, і той, якім правяла яго Гэля да сябе. Але каторы? Рыгор прыпомніў, што гэта мэрам-бы ў першым ад Вазьнясенскага, проспэкт у квартале з левага боку, калі накіроўвацца да Нікольскага рынку. На адгон некалькіх дамоў ад Аляксандраўскіх радоў. Хоць-бы адна прымета асталася ў яго памяці — дык не.

Ён навугад пачаў заглядаць у двары. Пройдзе у варотцы, азірне навакола і далей.

На чацьвертым захадзе ён угледзіў найболей падабенства да таго, чаго шукаў. Заўважанае выйсьце ў бакавы засмуглены будынак пацягнула яго да сябе.

Усходы аднавілі памятны выгляд, — можна было расьсеяць сумненьне.

Каля абшарпанае абіўкі дзьвярэй Рыгор спыніўся і пазваніў. Чамусьці марудзілі адчыняць. Ён паўтарыў званок і праз хвіліну ўгледзіў праз вузенькую шчылінку знаёмы адрэз запамятаванага твару гаспадыні.

— Вам каго?

— Гэля Сідараўна дома?

Гарылаў твар гаспадыні зрабіў мэханічны поверт убакі і з гары ўніз; сьледам выкаціліся з яе абвіслых, набрынялых губ недаверныя запытаньні:

— Вам яна патрэбна? А па якой справе?

— Я згаварыўся з ёю сустрэцца сёньні.

Гаспадыня бразнула крукам і ўпусьціла Рыгора ў кватэру. Паўторны бразг запёр зачыненыя за Рыгорам дзьверы.

Не запальваючы сьвятла, жанчына правяла яго цёмным калідорам да якіхсьці дзьвярэй, адчыніла іх і праказала:

— Прашу заходзіць.

Па ўсім абсталяваньні пакою, якое кінулася Рыгору ў вочы, відаць было, што гэта рэзыдэнцыя самое гаспадыні.

— Сядайце-э, — мякка выказала яна, засунуўшы засаўку ў дзьвярах.