Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/272

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэта з бежанскага комітэту. Жывы чалавек — як клубок, так і круціцца.

Сыгналы да другое дзеі перабілі іх гутарку.

— Будам рабіць вывады пазьней! — праказаў Анікей, ідучы на сваё месца.

Рыгор у думках вярнуўся да Гэлі. Было ясна, што яе няма і ня будзе. Было таксама ясным, што Гэля ня мела да спектаклю жаднага дачыненьня. Адгэтуль выходзіла, што нельга было паверыць усёй яе гісторыі з прыездам у Пецярбург, з наведваньнем бежанскага комітэту. Гэліна гісторыя бадай што развіва­лася зусім іншымі шляхамі. Ці-ж можна верыць, каб яна пакінула сваю яму і пайшла на працу?

Рыгор з-за думак пра Гэлю малаўважна праглядзеў канчатак п’есы. Ён ня мог нічога адказаць Анікею, які хваліў артыстаў, «выразна зарэкомэндаваўшых сябе ў ігры».

— Мяне цікавіць, болей усяго, той прыбытак ад спэктаклю, які мае пайсьці на дапамогу ўцекачом! — адказаў Рыгор.

— Так, гэта асноўнае пытаньне, — згадзіўся Анікей.

— Гэта пытаньне, над якім доўга прыдзецца думаць… Калі мне ўспамінаюцца жудасныя апавяданьні сівабародага дзядзькі…

Анікей разьняў губы, каб выказаць таварышу сваю спагаду, як ківок рукі таго-ж кароценькага чалавека павярнуў іх абоіх управа.

— Я папрашу вас, прымеце ўдзел у скарбоначным зборы… Хоць дзесяць рублёў, — усё-ж дапамюга…

— Я вельмі ахвотна пасоблю, калі гэта трэба лічыць за да­памогу, — адказаў Анікей.

Яны схаваліся ў суседнім пакоі.

У залі пачыналіся скокі і медныя гукі оркестру зьліваліся з бразгам медзякоў у пустыя скарбонкі.


X

НА РАГУ ВАЗЬНЯСЕНСКАГА проспэкту і Садовай вуліцы Рыгор зьлез з трамваю і пайшоў напрамкам да Нікольскага рынку. Ён помніў, што дзесьці між гэтымі двума пунктамі, у адным з шэрых нявысокіх будынкаў жыве Гэля. Ён пільна разглядаў форму дамоў і асабліва строй іх варот, але ні на водным ня мог спыніцца.