Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/271

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён прачыніў вузкія дзьверцы за кулісы і паглядзеў на груды складзеных дэкорацый і рэквізыту. Гутарка ішла дзесьці на сцэне, дзе сьпешна гатовіліся да пачатку спэктаклю.

Рыгор палічыў няёмкім праходізць за сцэну і зачыніў дзьверы. У гэты момант каля яго апынуўся той самы кароценькі вёрткі чалавек, якога ён першы раз сустрэў у бежанскім комітэце. Хапіўшы Рыгора за руку, ён гасьцінна прывітаўся і запытаў:

— Вы кагосьці шукаеце?

— Так, мне хацелася-б знаць, ці ня прымае ўдзелу ў спэктаклі Гэля Пералаз?

— Гэля Пералаз? — перапытаў кароценькі чалавек: — Ня памятую такое. А ў тым, я запытаю, пачакайце-э.

Кароценькі чалавек шмыгнуў за кулісы. І яшчэ не пасьпеў ён зачыніць за сабою дзьверы, як пачуўся трохкратны званок. Шугнуўшая з фойэ публіка застукала крэсламі, загудзела навакола яго, замятусілася. Рыгор ня мог ужо стаяць на праходзе і сам накіраваў між радоў крэслаў.

І толькі ён трапіў на сваё месца, як сьвятло пагасла.

Рыгор з зацікеўленасьцю глядзеў на сцэну і не заўважыў, як падасьпеў антракт і зычны гул воплескаў напоўніў асьветленую залю.

Рыгор ухмыляўся, азіраючыся наўкола.

— Цікавішся? — перабілі яго ззаду.

Ён аглянуўся і ўбачыў Анікея.

— А я да цябе заяжджаў, ды ты ўжо пайшоў.

— Не дачакаўся.

— Угаварваў жонку і запазьніўся. Пайшла ў Народны дом, а я…

Абое намерыліся пакінуць месцы, калі да іх падышоў кароценькі чалавек, ужо знаёмы Рыгору.

— Ну, як пачатак? — з цікавасьцю запытаў ён.

— Добра, — адказаў Рыгор.

— Бачыце, у Пецярбурзе вельмі цяжка што-кольвечы наладзіць. Б’ешся, б’ешся, пакуль нойдзеш людзей, пакуль організуеш. А, між тым, патрэба ёсьць… Спробы, бачыце…

Кароценькі чалавек не дагаварыў, як яго пазвалі ў фойэ. Адыходзячы ад іх, ён дакончываў гутарку швыдкімі размахамі рукі.