Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/270

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ужо? Бывай! Шкада, ведаеш, але нічога не парадзіш.

Яны пацалаваліся.

Стук дзьвярэй разлучыў іх на доўгі час.


IX

УЖО ПАДЫХОДЗІЛА ДА ВОСЬМАЙ гадзіны вечару. Час бег безаглядна. Бадай што можна было-б выходзіць з пакою, але Рыгор хацеў дачакацца Анікея. Яны згаварыліся ўдваіх паехаць на спэктакль.

«Чаму-ж яго няма?» Рыгору не хацелася думаць, што Анікей перавырашыў з гэтым. Усё-ж можна было дапушчаць, што знайшліся тыя ці іншыя прычыны, паперашкодзіўшыя яго намеру. Рыгор апошні раз паглядзеў на гадзіньнік і пачаў зьбірацца. Самому яму карцела папасьці на спэктакль у час, каб так ці іначай праведаць пра Гэлю. Напаткаць яе на спэктаклі і паведаміць пра знойдзенае для яе месца было-б вельмі добра. Праўда, яму ня верылася, што Гэля там будзе. Апошняя стрэча з ёю ня сьведчыла за Гэліну цікавасьць да спэктаклю. Рыгору проста хацелася, каб яна была, і ўжо на хаценьні будавалася магчымасьць.

Рыгор патрапіў на дарогу ня болей паўгадзіны. І калі апынуўся ў залі Поллак — там ужо было багата публікі. Аднак, як звычайна з аматарскімі спэктаклямі, вечарына яшчэ не пачалася. Ён замяшаўся ў тупатні публікі і з цікавасьцю разглядаў залю.

Публіка была зборная і рознастайная, мяшчанская і абыватальская, крыху закранутая пачуцьцём спагады да «няшчасных» землякоў. Але гэта іх «спагада» канчалася з моманту адарваньня білетных купонаў.

Рыгор, прынамсі, ня чуў адпаведных мэтам вечарыны гутарак. Пад яскравымі люстрамі цеснага фойэ разьліваліся твары бесклапотнымі ўхмылкамі. Нясло парфумаю. На жаночых шыях віселі залатыя ланцужкі і жамчужныя маністы. Рознакаляровы шоўк шапацеў над нацертым паркетам. Усё гэта лякіравала прыедная за час вайны філянтропія.

Гэля? Было выразна, што сярод публікі яе няма. Калі яе няма і за кулісамі — значыць яна на спэктакль ня прыйшла. Болей таго — значыла гэта, што Гэля кламіла Рыгору, успамінаючы яму пра вячарыну ў час першага з ім спатканьня. Рыгор выйшаў у пустую глядзельную залю і прыблізіўся да ўваходу за сцэну.