Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/269

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ды ці ёмка мне аставацца?

Пятрусь не пасьпеў зашпіліць паліта, як у пакой увайшоў сярэдняга росту, у добрым зімовым паліце, грубы, доўгавусы чалавек. Ён спрытным замахам рукі зьняў баярскае формы коцікавую шапку і запытаў:

— Я не перашкаджаю?

— Калі ласка, сядайце! — адказаў Рыгор, падаючы зайшоўшаму крэсла.

— Я перапрашаю вас, Нязвычны, я, памятаеце, наконт вашай просьбы. Зараз якраз выдалася месца ў нашым цэху для аднае жанчыны. Якаво з вашай кандыдаткай?

Рыгор зразу дагадаўся ў чым рэч і радасна адказаў:

— Вельмі дзякую вам; вы, проста, выбаўляеце чалавека. — Гэта наконт Гэлі, — абярнуўся Рыгор да Пятруся, які стаяў пры стале, уткнуўшыся ў газэту: — Дзякуй яму, таварыш не забыў.

— А мне што-ж, прасілі — і я лічыў таварыскім абавязкам паведаміць… Няхай зойдзе, скажаце, у інструмантальны цэх і запытае Палікара Лазарчука.

— Калі-б то лепш? — запытаў Рыгор.

— Не пазьней паловы лютага. Месца, трэба сказаць, дрэннае. Рублёў паўсотні выжане ў месяц.

Ён устаў.

— Прашу пасядзець… Як у вас з настроем, скажэце? — пацікавіўся Рыгор.

Настрой паднімаецца… Але, зразумела, ня так, як-бы таго хацелася… Вось і дзевятае студзеня — перш памкнуліся баставаць, а датыркнулася справы, каму пачынаць — дык на нас чалавек сарака і абышлося.

Ён нездаволена махнуў шапкаю і зрабіў на твары невыразную міну.

— Патрэбен штуршок. Ды добры штуршок; а бяз гэтага — цяжка раскачацца… Так… Знача, як толькі захоча яна — няхай ад дванаццатай да другое — кожны дзень. Палікар Лазарчук — мяне ведаюць.

Прыйшоўшы завярнуў у дзьверы. Рыгор яшчэ некалькі разоў пераказаў яму сваю падзяку і правёў яго на сходы.

Вярнуўшыся назад, ён застаў Пятруся нарыхтованым да выйсьця.

— Дык бывай здароў, Рыгор! Чакай лісту.