Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/266

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ведаеце, рад-бы сказаць, ды суйздром запамятаваў. Даруйце.

— Даруйце вы мне.

«Ну, што я пра Гэлю пытаю. Наіўны!» — папракнуў Рыгор сябе і схаваўся за дзьвярыма.

Праз гадзіну ён быў дома.


VIII

КАЛЯ ДВУХ ТЫДНЯЎ ад часу наведваньня бежанскага комітэту і да дня спэктаклю Рыгор быў цалкам заняты думкамі пра бежанцаў. Перад ім неадлучна стаялі здані малюнкаў вялікага зьбегу людзей, разбурэньня знаёмых абшараў спустошанае краіны. Вулічны вырай людзей дапомніў яму тыя незьмярымыя шляхі ад Ваўкавыску, ад Бельску, ад Горадні — на ўсход, якімі выходзілі бежанцы з сваіх месц. Курава над фабрычнай Выбарскай стараною — асоцыявала пажары вёсак, нажытага дабра, мазольнае працы. Яго раздражнялі аднакава: і брэх сабакі, і ржаньне каня, і праезд коннага гарадавога ці казака. Чудзішча вайны набыло ў яго нутру яшчэ большае дзікасьці, драпежнасьці і абурэньня.

Ён хадзіў па вуліцах і бачыў у кожным дзесятым чалавеку выгнанца, бяспрытульніка, пакутніка. Халодныя, хмурыя муры гораду — ведаў Рыгор — ня проймуцца іх сьлязьмі і плачам.

А між тым новыя чаргі ўліваюцца ў халодную, бяздушную прорву сталіцы. Адыходы расійскага войска перад націскам немцаў гоняць сьвежыя тысячы няшчасных. Ні зіма, ні завеі, ні пошасьці не супыняюць разгону вайны. Вайна — і ворагу пустыя абшары. Вайна — і пляваць на ўсе скаргі, на ўсе законы да аховы чалавека, жывёлы, дабра.

Пляваць?

Дык чаму-ж дзень-у-дзень нясьціханна трубяць прадажныя газэты пра «нямецкія зьверствы?»

Атрутныя газы — праступак? Абстрэл Рэймскага сабору — зьверства? Зруйнаваньне Лувэну і Льежу — барбарства?

А зьдзекі і глум над тысячамі польскага, беларускага, яўрэйскага, літоўскага працоўнага насельніцтва — тактыка? Гвалтоўнае спусташэньне краю, адданьне соцень тысяч людзей у ахвяру бядзе, марозам, тыфусу і галоднай сьмерці — абарона? Цэпэліны над