Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/263

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Пакора, дзядзька, дазволіла на гэта…

— Ты ізноў, — азірнуўся Андрэй: — не правучыла цябе нівошта…

— І каб ты бачыў, як мы ішлі, каб ты бачыў, сыне, ты-б ня вытрымаў, гледзячы, — перабіў першы: — Ад Ваўкавыску — на прасьцяк, як вокам кінуць роўная дарога. Мэрам гэта, вось, вуліца. І ўся, ня згледзець, загружана людзьмі, падводамі, жывёлаю. Пыл, стогны, конскі рогат і сабачы брэх — адзін гвалт, вялікі, страшэнны крымінал. А ззаду — промін. Усё неба, сынок, з гэткага, во, проміну, як той ліхтар, так во і калыхаецца над нівамі, над дубравамі. Камякі чорнае сажы — вагромністымі каршукамі па зялёнай руце лісту, па сіняй валошцы, па белым цюцюпане — лажыцца і сажыць, лажыцца і мярцьвіць. І сэрцы разам мруць, сьціскаюцца тоўстымі халоднымі рэхвамі, — сынку, падумай — то-ж у дыме тым нашы хаты і гумны, наседжаныя гадамі мясьцінкі. Наша праца, наша ўсё, што мы мелі, што нажылі, чым хваліліся і на што апіраліся. А нівы гайдаюцца, братка мой, густым ядраным коласам, залатою пруткаю саломаю — якія-б выходзілі кулькі, як-бы хораша выглядалі новыя стрэхі! — гэта жыта дратавалі коні, ня тыя, што ўспахалі яго, а тыя, з якіх на нас глядзелі сіберныя твары казакаў… І жыта, і ячмень, хлеб і аладка — усё, усё — пазадзе. Адвернешся, нябожа, і няма сілы адарваць ваччу, прыкоўвае болем і жудою, заве, вабіць назад. Назад — да ведамага, да ператупанага, да перамацанага, да… Ды назад нельга… — гоняць, націскаюць. Ідзі наперад, туды, дзе чакае невядомае. І мы ішлі, цягнуліся, валакліся… Галодныя, забруджаныя, абаўшывеўшыя… Дзень і другі. Ноч ды другую. Тыдні — насустрач яснага, але халоднага сонца… ішлі, знэрваваныя, з падбітымі нагамі, нямытыя, злосныя на людзей і на сябе, ачумелыя…

Па бакох яшчэ стаялі ціхія, неўзварушаныя вёскі… Пасьвіліся коні, вырасталі мэндлі і копы. Дзяўчата пяялі жніўныя песьні. На шырокіх межах, на сьценках і сьцежках стаялі гэткія, як мы, сяляне і глядзелі на нас і спачувалі нам. Нашы дзеці прасілі ў іх малака, яблычка, кавалачак сала. Ды ці-ж усім надаешся? Глянеш — а ўсьцяж даўжэрнае дарогі, як вокам кінуць, ідуць і едуць, становяцца і топчуцца на месцы. Бо што-ж ты думаеш — паўюраю ў дарозе. Узьнялі і пагналі. Ідзі-ы… Куды-ж і колькі-ы ісьці — няведама… Стаімо, вось, і думаем, што заўтра, пазаўтра — кідай горад і далей-далей-далей…