Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/262

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Мы зранку тут, — казаў першы: — Гэта бежанскі комітэт і мы прыйшлі за дапамогай. Няма дзе, сыне, прытуліцца, куска хлеба няма, і мы вось…

— Але, але, — пераймаў другі: — дзесяткамі гадоў мелі зямлю і хаты, мелі хоць на чым прылажыць сваю працу, а гэта… Выгналі… Хмараю насунулася войска… Патапталі нашы палі і поплавы, паадбіралі статак і хлеб і прагналі ў белы сьвет.

— Ідзеце!..

Да іх падышло яшчэ некалькі чалавек. З напружанымі ўзрокамі настарожана глядзелі яны ў Рыгораў спагадлівы твар і прагна чакалі яго рады. Ім так мала трэ’ было ў гэты час! Хоць некалькі суцешных сказаў, каліва ўвагі, адну-другую сяброўскую параду… Напэўна Рыгору зразумелы іх мукі, іх доўгае пакутнае вандраваньне…

— Ідзеце, а куды і як? — казаў першы: — у сьвет! Лёгка сказаць! Кідай гняздо і ляці на галодную сьмерць… Ды нічога не парадзіш… у іх штыхі і кулі, нагайкі і дзікія суворыя твары. У іх жорсткія сэрцы і бязьлітаснае пачуцьцё… А ў нас?

— У нас дурная, нікудышная пакора. У нас зайцава палахлівасьць, завошта цяпер адкупаемся мукамі, — рашуча выказаў трэці і з агідаю сплюнуў.

Першы хапіў яго за руку і праказаў:

— Маўчы, Сьцяпан, не кажы на вецер… А чаму-ж ты пайшоў? Паказаў-бы сваю сьмеласьць і паспрабаваў-бы астацца… Пераканаўся-б тады… Гаворыць — ліха ведае што. Нябось — пайшоў і зараз там сама, дзе і другія. Чаго-б лепшага, а глядзі, нябожа, дарога, напэўна, яшчэ ўся ня пройдзена.

— Кінь, Андрэй, злавацца. Каго ты ўшчуеш, га? — пераняў яго другі: — Думаеш, чалавек не разумее нас і бяз гэтага?

— Разумею, дзядзькі, усё разумею… — спагадліва падаў Рыгор і заўважыў, як некалькі лахматых галоў яшчэ шчыльней нахіліліся да яго.

— Чаму-ж ия ведаць? Хто зараз ня ведае гэтага страшнага пекла? Наша гора сьвет заліло, браткі мае. Яно ня можа не пачуцца навокал-вакола. Гора, гора, добры чалавек — вякамі ня вычарпаць яго, патомкам не забыцца… Во, глядзі на нас — старцы — ня старцы, валацугі, брадзягі… А завошта? Запытай нас — завошта-а? Перад кім і што мы саграшылі, чалавеча добры?.. Ніхто ня кажа. Багацеі ўздумалі — і доля наша вырашана.

— Ідзі-ы…