Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/261

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хлеба. У памятых і закаравелых кажухох ды халатох, у парваных лапцях выглядала жорсткая доля.

Рыгор спыніўся каля грамадкі якраз у той момант, калі з дзьвярэй дому выйшла двое маладых мужчын у аблезлых манджурках, з дубовымі дручкамі ў руках, прагукаўшых грамадцы:

— Для трыццаці памяшканьне вызначана. Пойдам, дзядзькі.

Адным замахам рушыла з месца да паловы грамадкі. Яна накіравалася ў бок Басэйнае. Рэшта падалася бліжэй да сьцяны дому і моўчкі цягнула чакаць.

Ні з водных вуснаў ня чулася скаргі на пайшоўшых. Ніхто, таксама, ня выказваў выяўнага нецярпу на доўгае стаяньне. Відаць было, што пачуцьцё пакоры і замірэньня з сапраўднасьцю загартавала іх цярпеньне і спакой.

Рыгор толькі ўгледзеў грамаду з-за рогу вуглавога дому, як зразу дагадаўся, у чым справа. Жоўтыя кажухі і паўшубкі гэрбавалі сабою беларускія прасторы, ціхія паніклыя вёскі.

Яшчэ зусім нядаўна па раскіданых ва ўсе бакі шляхох і гасьцінцах тупалі гэтыя людзі за дробнымі худымі канякамі. З сёл у мястэчкі, з мястэчак у горад перавозілі яны рэшткі плёнаў свае працы, кароўку ці сьвінку. Адпраўляліся ў лясы на сечку дроў, да паноў у двары і фальбаркі на падзённую працу. Нядзелямі ды сьвятамі кішэлі імі рынкі. Саматкань, зрэб’я, гаршкі і бандарныя рэчы, лыка і тальку мянялі яны на медзякі для падаткаў ды акцызу.

У нізкіх курных хатах, з земляною падлогаю, у пярэмеж з курамі і гавядай караталі яны сваё жыцьцё.

Сумнае сьвятло лучніка ці сьветаша сымболізавала іх дабрабыт, іх культурны і экономічны стан. Вузкія шнуркі зямлі, патаптаныя шырокімі, трэсканымі нагамі, дагледжаныя ад каменьняў і дзярыны, не давалі ім умерці з голаду. Пра іх быў клопат у вурадніка і ў папа, толькі клопат асабовы, драпежны і дзікі.

А гэта, во…

— Вы з якое прычыны сабраліся тут, дзядзькі? — запытаў Рыгор у двух пажылых сялян.

— Сынок мой, няўжо табе невядома?

Сівабароды, са ўпалымі шчакамі, з тоўстым, бульбінаю, носам, затрос рэдкаю бародкаю. Даўгая арэшына, на якую ён апіраўся, каўзанула наперад.

— Гэта наша не астатняе прыстанішча, — дадаў другі дзядзька, абросшы жоўтымі валасамі ад вушэй да барады.