Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/260

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Думала, толькі кожную хвіліну мне могуць паперашкодзіць.

— Ліба Шлёмаўна! — гукнула Лібу яе таварышка.

— Зараз, Тацьцяна Іванаўна, у хвілінку…

Яна яшчэ раз працягнула руку Рыгору і з гасьціннаю ўхмылкаю на пасталеўшым сур’ёзным твары, пад белаю касынкаю, адступіла назад на пару крокаў.

— Вас нельга пазнаць…

— Няўжо толькі праўда таму?

— Даю слова… І чакаю, Ліба?

— Абавязкова наведаю… Бывайце-э!..

Рыгор паглядзеў ёй усьлед і загадліва пацяў плячыма.

Калі-ж пешаходы засланілі ад яго і Лібу і раненых, ён крута рушыў з месца і пайшоў на празрысты ліхтар, умацованы на сутыку трох проспэктаў.


VII

ПЕРАД ВЫСОКіМ шасьціпавярховым каменным гмахам па Захар’еўскай вуліцы грамадзілася многа якіхсьці людзей, адзетых у жоўтыя і белыя кажухі, у шэрыя халаты і падхалаткі. У многіх з іх віселі за плячыма зрэбныя, памурзаныя клумкі. За малым выключэньнем — яны былі абуты ў ліпавыя ці лазовыя лапці, у да кален абкручаных аборкамі анучах. Адны з іх выходзілі ў дзьверы дому, лаючыся на некага і нешта, другія, відаць, ужо пабывалі ў ім і спакойліва абгаварвалі вынікі наведваньня.

У многіх, слабей адзетых, сінелі худыя твары і на вытаркшых насах віселі каплі. Другія падскакалі на месцы, грэючы ногі, часта прамочаныя навылет; іншыя старэнна паціралі рукі. Ніводзін не рашаўся пакінуць намерзлых тротуараў і аддзяліцца ад грамадкі. У грамадцы ішла мерная, з адбіткам хваляваньня, але з выразнаю доляю жальбы і безнадзейнасьці, ажыўленая гутарка. Большасьць прагна ўталопна глядзела між двух слупкоў пад стрэшкаю ў вузкія зялёныя дзьверы, раз-по-разу стукаўшыя праваю форткаю. На выходзіўшых з дзьвярэй накідаліся чалавек па-двое — па-чэцьвера і доўга нечага распытвалі.

Пешаходы і рамізьнікі з пасажырамі ўважліва супынялі на гэтай жоўта-шэрай пляме з людзей свае цікавыя ўзрокі; некаторыя прыпыняліся воддаль, каб хоць паглядзець на іх, ці паслухаць іх незнаёмае гутаркі. Ад іх нясло потам і пахам чорнага