Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дык ведай, што мяне яна даўно ў ваччу стаіць… Ха-ха-ха! Наскочыў, брат… Выпадкова, як бачыш. Мо’ ня праўда?..

Апошнімі сказамі хлопцы абмяняліся пры самым будынку пажарнае.

Гурт дзяцей, што таўпіліся перад варотамі будынку, падняў зычны галас. Якісьці мужчына адганяў іх ад століка, за якім прадаваліся білеты на абвешчаны спэктакль.

— Во, бачыш, што тут іх чаўпецца, — паказаў на дзяцей Сроль: — гэта-ж тут сёньня будзе беларускі спэктакль…

— Я ўжо абвестку чытаў. Цікава наведаць…

— А вядома — навіна…

— Дык я ўжо адчуваю: мяшчан зацікавіла. Чуў, як дыскусіравалі перад абвесткамі.

— Няўжо?

— Сапраўды. Напэўна, людзям цікава, што за спэктакль беларускі?..

— Ды тут усё цікавіць: муха-заваруха, — мястэчка, глуш…

Сроль тузануў Рыгора за рукаў і перабіў яго гутарку.

Рыгор агледзеўся:

Да пажарнае падбліжаўся поліцэйскі стражнік.

— Пойдзем дахаты?

— Давай!

Сроль адвярнуўся, каб ісьці.

Рыгор перапыніў яго запытаньнем:

— Дык мо’ зойдзеш па дарозе на спэктакль?

— Чаму-ж не…

Яны разышліся.


V

РЫГОР НЕ ДАЧАКАЎСЯ СРОЛЯ і рашыў ісьці на спэктакль адным.

Выйшаўшы на ганак, ён быў спынены воклічам:

— Можа на спэктакль?

Яго пытала маладая карчмарка.

— Так. Можа маеце ахвоту?

— Калі не перашкоджу вам…

— Што вы, што вы…

— А ўжо так ці іначай, а правяду вас…